З 8 па 9 студзеня Мінск быў урачыстай пляцоўкай правядзення міжнароднага сімпозіуму літаратараў “Пісьменнік і час: 500­годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі ”. У абмеркаванні актуальных літаратурных і агульнацывілізаваных пытанняў прымала ўдзел з дакладам аб калмыцка–беларускіх сувязях, прачытала свае калмыцкія пераклады вершаў беларускіх класікаў, у тым ліку Францыска Скарыны і Максіма Багдановіча, вершы на рускай мове загадчыца кафедры рускай і замежнай літаратуры КалмДУ, член Саюза пісьменнікаў Расіі Рыма Міхайлаўна Ханінава. Для яе гэта была першая паездка ў Беларусь. У рамках яе Рыма Міхайлаўна наведала наш горад, пачэсным грамадзянінам якога з 1968 года з’яўляецца яе бацька ­ Міхаіл Ванькаевіч Ханінаў. З Беларуссю непарыўна звязана баявое партызанскае юнацтва і творчасць гэтага калмыцкага пісьменніка, перакладчыка, удзельніка партызанскага руху на Бярэзіншчыне.

   У 1941 годзе, калі Чырвоная Армія адступала, у абарончых баях на Бярэзіне Ханінаў быў цяжка паранены. Сялянка Праскоўя Віліткевіч з вёскі Месціна выратавала яму жыццё. Потым аб гэтым эпізодзе свайго жыцця ён напіша верш “Аранзал”. Ачуняўшы ад ран, вайсковец стварыў у вёсцы Месціна падпольную групу, а з 1942 па 1944 гады прымаў актыўны ўдзел у партызанскай барацьбе на Бярэзіншчыне, быў камандзірам асобнай дзеючай роты. Мае шэраг баявых узнагарод. У сваёй дакументальнай аўтабіяграфічнай аповесці “Міша Чорны ­ гэта я” ўспамінае сваё партызанскае жыццё, баявых таварышаў, баі, перамогі і страты. Пасля вайны ён не раз прыязджаў у Беразіно, сустракаўся з баявымі таварышамі і жыхарамі раёна.

   Лёс быў шчодрым для гэтага чалавека і пасля вайны. М.В. Ханінаў скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, выдаваў зборнікі паэзіі. Ён актыўна перакладаў на калмыцкую мову зборнік Янкі Купалы “Выбраная ліры­ка” і шмат асобных твораў іншых беларускіх пісьменнікаў. Услаўлена жыццё М.В. Ханінава на роднай зямлі, на радзіме ўстаноўлены бюст, шмат кал­мыцкіх вуліц носіць яго імя.

   Для яго дачкі Рымы Мі­хайлаўны міжнародны сім­позіум даў унікальную магчымасць наведаць Беларусь і наш горад. Сюды калмыцкі перакладчык прывезла новыя кнігі і дыск пра жыццё і творчасць свайго бацькі М.В. Ханінава, якія яна перадала бібліятэцы.

   Бацька яшчэ пры жыцці жадаў, каб я перакладала на рускую мову яго вершы, ­ гаварыла яна ў раённай бібліятэцы,­ але я пачала гэту справу толькі ў 1998 годзе. Надзвычай складана і адказна працаваць над творамі роднага чалавека, не хапала ведаў роднай мовы.

   Дарэчы, Рыма Міхайлаўна перакладала на калмыцкую мову і вершы Уладзіміра Вы­соцкага. І сёння задумваецца працягваць бацькаву справу на ніве паракладу беларускіх класікаў на сваю мову.

   Усё гэта робіцца не проста так, ­ зазначае жанчына, ­ а для папулярызацыі мовы малых народаў, якія таксама павінны займаць сваё пачэснае месца ў сусветнай культуры. Аб гэтым я абавязкова буду гаварыць на сімпозіуме.

   Не дае спакою жанчыне і баявая слава бацькі. У рамках візіту яна мае намер наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны, дзе размешчаны стэнд, прысвечаны баявым подзвігам М.В. Ханінава. У планах Рымы Міхайлаўны наведаць Беларусь на ўласным аўтамабілі разам сынам, каб яшчэ раз прайсці шляхам партызанскага юнацтва бацькі. Магчыма, гэта падарожжа ў мінулае падорыць ёй цікавую ідэю перакладаў. А пакуль яна чэрпала ўражанні ад размовы з бібліятэкарамі, якія наладзілі стэнд у гонар М.В. Ханінава ў чытальнай зале, паказалі ёй бібліятэчны музей.

   Мы разам з вамі робім агульную справу, нагадваем нашай моладзі аб яе вытоках і каранях, не даём забыць подзвігі Вялікай     Айчыннай    вайны,   ­ гаварыла Рыма Міхайлаўна, ­ пакуль гэта так, наша мова не знікне, а баявая слава не будзе забыта.

Мілана ТРАПЯНОК.

   На здымках: Рыма Міхайлаўна Ханінава і Святлана Уладзіміраўна Зіноўева ў момант перадачы кніг бацькі ў дар Бярэзінскай ЦБС; каштоўны падарунак ад дачкі Мішы Чорнага (Міхаіла Ханінава) – дыск і кнігі; аўтограф калмыцкай госці на памяць чытачам Бярэзіншчыны.