Усім вядома, што вось Зямлі мяняе сваё становішча і, відаць, разам з гэтым мяняюцца акрэсленыя асновы жыцця. Грамадскага жыцця. Наглядна бачна, як дзічаюць норавы ва ўсім свеце, у тым ліку і ў нашай грамадскай прасторы. Успышкі азлобленнасці, душэўная амнезія, з’едзенае атрафіяй сумленне, непавага адзін да аднаго – усё гэта часцей і часцей набывае форму нашай рэальнасці. Таму радасна, калі з’яўляюцца моманты, пры якіх можна разгледзець і ўзгадаць цудоўных, чыстых і бескарыслівых людзей.

   Такія моманты стараецца аднавіць у сваім праекце “Святло знаёмай зоркі” супрацоўнік раённай бібліятэкі Тамара Мікалаеўна Круталевіч, фанатычна захопленая сваёй прафесіяй, азораная знутры лампадкай даверу людзей, з лёгкім гаварлівым характарам, цудоўным пачуццём мовы і багатай душой.

   

   Напрыканцы мінулага года яна ўзяла ў рукі ключ ад машыны часу па імені “Памяць”, каб на прыкладзе сваіх суайчынніц, калег па працы Вольгі Васільеўны  Насульскай – колішняй загадчыцы аддзела камплектавання Бярэзінскай раённай бібліятэкі і былой загадчыцы Любушанскай бібліятэкі Соф’і Васільеўны Маркоўскай (светлая ім памяць) успомніць, што нічога ў жыцці не знікае бясследна: дысцыплінаванасць у выкананні службовых спраў, павага да людзей, чалавечая годнасць, непадробная прастата і сціпласць, вернае сяброўства.

   У сваім задушэўным аповедзе пра гераінь сюжэту вядучая Т.М. Круталевіч акцэнтавала ўвагу прысутных запоўненай залы бібліятэкі на тым, што кожны чалавек – гэта кніга са сваёй гісторыяй, эпілогам. Мы самі яе героі і аўтары.

   Вольга Кавалёнак (Насульская)(на здымку) 

   

– са шматдзетнай сялянскай сям’і пасляваеннага часу, з характэрнымі цяжкасцямі ў матэрыяльным плане: стомленасць ад нямоглай вясковай працы, беднае харчаванне.

З самых юных гадоў у душы дзяўчынкі пусцілі карані працавітасць, цярпенне, любоў да зямлі і сваіх бацькоў. З вёскі Цярэсіна ў пачатковую школу пешшу 5 кіламетраў, у Мачаскую сярэднюю школу – 10. І ніякіх скарг і крыўд. Прыродная здольнасць да вучобы, стараннасць ­ візітная карта ў педінстытут на бібліятэчны факультэт.

Дзяўчына­прыгажуня ды яшчэ студэнтка вышэйшай установы не магла быць незаўважанай       сярод     юнакоў.

Я таксама добра памятаю яе воблік з яснымі вачыма, з хвалістымі светлымі валасамі, роўненькай постаццю і заўсёды пры сустрэчы ветлівым афіцыйным “Добры дзень”.

Малады гарманіст і электрык Анатоль Насульскі з суседняй вёскі Жаліна перайшоў дарогу ўсім закаханым у Вольгу і хутка стаў яе мужам. Абжываліся самастойна, пабудавалі дом, нарадзілася дзве дачушкі з розніцай у 4 гады. Пазней яны сталі галоўнымі памочніцамі матулі ва ўсіх справах, бо кароткачасовай была яе станцыя шчасця, з якой назаўжды трагічна сышоў муж. Раскісаць і апускаць рукі ад нечаканай трагедыі і спадзявацца на надзейную дапамогу, ведала, няварта ні ад каго, акрамя сябе.

Жанчына з вялікай душэўнай устойлівасцю зразумела, што з лёсам не паспрачаешся, і жыццё трэба прымаць такім, якое яно ёсць. Галава павінна больш працаваць на рабоце, рукі ў выкананні фізічнай працы ­ дома. А работа – гэта аддзел камплектавання раённай бібліятэкі, якому яна прысвяціла ўсё жыццё. Жанчына не дазваляла сабе расслабляцца ні на працоўным месцы, ні дома. Да гэтага ж прывучала і дзяцей.

Колішняя загадчыца раённай бібліятэкі А.М. Строк узгадвае, што В.В. Насульская з­за матэрыяльных цяжкасцей ні разу не брала водпуск летам. Для сябе ў яе ніколі не хапала часу. Яна прысвячала сябе сям’і, дачушкам, іх выхаванню, адукацыі.

Старэйшая дачка Аксана набыла прафесію юрыста, Святлана – эканаміста. Матуля была спакойная і за іх сямейнае жыццё. Як сыноў, любіла зяцёў, радавалі ўнукі. Дарыла цеплыню свайго сэрца і даглядала нямоглую, хворую матулю.

Аднак, зязюля рана адкукавала ёй   зямны   паклон  ­ у 65 гадоў. Так закончылася Кніга жыцця разумнай, прыстойнай, абаяльнай Вольгі Васільеўны Насульскай.

Другая зорка на старонках Кнігі вечнасці – Соф’я Васільеўна Маркоўская (на здымку)

   Здарылася так, што неяк разам пасыпаліся лісты з пладаноснага дрэва раённай культуры: Хвашчынскі, Сакаў, Мікалаеў, Падалка, Насульская, Ждановіч, Кушнер, Маркоўская… Сумнымі радамі пайшло таленавітае пакаленне прама ў паднябессе.

    Соф’ю Васільеўну Маркоўскую, таксама сваю саслужыўцу  па бібліятэчнай справе, за тонкую прыгажосць, прывабнасць, кампанейскі характар, здольнасць   прыцягваць да сябе акружаючых людзей, ствараць для    іх   цёплую   атмасферу Т.М. Круталевіч назвала вобразна – любушанская архідэя.

   У гэтым і высокая планка яе аўтарытэту, і вялікая прыхільнасць людзей. І па заслугах. Яе ўстанова лічылася сапраўдным цэнтрам культуры не толькі ў раёне, але і ва ўсёй Мінскай вобласці. Па словах настаўніцы Галіны Яблонскай яна працавала,

Каб святло цудадзейнай кнігі,

 Асвятляла пахмурныя дні,

Каб жылі любушанцы шчасліва

 На спрадвечнай бацькоўскай  зямлі.

   У сваёй рабоце С.В. Маркоўская валодала асаблівым талентам. У шарэнзе культ­работнікаў яна старалася быць на крок наперадзе: актывіст бібліятэчных спраў,  стваральнік алеі памяці каля будынка бібліятэкі ў гонар 26 вяскоўцаў, якія не вярнуліся з вайны. Яна ж сабрала ўнікальную архіўную экспазіцыю “Пісьмо з фронту”, была названа пераможцай ІІ абласнога агляду­конкурсу на лепшую пастаноўку работы па экалагічнай адукацыі насельніцтва. Завадатар першых у раёне святаў зажынак і дажынак, святаў вёскі, провадаў у армію. Заснавальнік першага прыбібліятэчнага лялечнага тэатра “Усмешка”.  У гасцях у любушанцаў пабывалі М. Чарняўскі,   М. Герчык, Р. Барадулін, П. Місько. Не выключэннем быў і свой мясцовы паэт, журналіст, мастак У. Несцяровіч. Праводзіліся літаратурныя вечарыны, прысвечаныя С. Ясеніну, У. Высоцкаму, В. Тушновай, у якіх удзельнічала ўся вясковая інтэлігенцыя.

   Захапляльная ў сваіх культурных навацыях С.В. Маркоўская ўпершыню ў гісторыі Любушан стварыла фальклорны калектыў “Купалінка”, эстафету якога зараз працягвае “Славяначка” пад кіраўніцтвам Т. Несцяровіч і акампаніятара М. Папругі.

   Хтосьці з класікаў заўважыў: найлепшыя жанчыны нара­джаюцца ў правінцыі. Можна з гэтым згаджацца, можна – не згаджацца, але сялянская сям’я  Васіля Бурага з Гарэніч (бацькі С.В. Маркоўскай) ­ сведчанне гэтаму. Можа таму дзяцей Бурага з любоўю сяльчане так і называлі “Васілёвы дзеці”. Усю сям’ю (тры сястры і брата) крышталізавалі самі абставіны: цяжкія пасляваенныя гады, заўчасная смерць бацькоў – усё гэта прывучала да ранняй самастойнасці, загартоўвала іх характар, выпрацоўвала годнасць. Ва ўсім гэтым Соф’я Васільеўна – прыклад таму. Яна была ўвасабленнем таго, як можа ўпрыгожыць жыццё вакол сябе, пакінуць след у душах людскіх самы звычайны, просты чалавек без высокай пасады і званняў.

   Стэрэатып сваіх поглядаў яна ўкладвала і ў рамкі сямейнага жыцця ў адносінах да любімага мужа Ігара, дзвюх  дачок – Святланы і Ганначкі. Заўважана: у абедзвюх дачушак яркая  матуліна   прыгажосць.  У малодшай яшчэ і творчы талент. Яна хораша спявае, піша вершы, іграе на гітары. Жыве на Украіне. Святлана – спецыяліст сацыяльнага цэнтра ў Беразіно.

   У кожнага чалавека ёсць свае     світанкі     і   свае  схілы. С.В. Маркоўская ў кастрычніку мінулага года павінна была адзначыць 70­гадовы юбілей. Лёс пашкадаваў ёй для гэтага два гады.

   Сціплы, самотны грудок жоўтага пяску на вясковых могілках упрыгожылі вянкі чалавечага смутку па паважанай і любімай зямлячцы.

   P.S.  Закончылася    мерапрыемства.  Прысутныя пакідалі залу бібліятэкі расчуленыя, усхваляваныя, у некаторых      –     слёзы     на     вачах. Т.М. Кру­талевіч яшчэ доўга прымала падзякі за пранікнёныя словы памяці. Гледзячы на гэта, я адзначыла, што падарунак чалавечай сутнасці атрымала ўся аўдыторыя, і, магчыма, хтосьці пасля гэтага таксама задумаецца  аб сваёй ролі  на гэтай зямлі.

   Ніна БУРКО.