Главная » 2018 » Октябрь » 23 » На малую радзіму - з паклонам да земляка
14:47
На малую радзіму - з паклонам да земляка

    На збегу двух датаў, 95 –годдзя з дня нараджэння і трэціх угодкаў са дня смерці акадэміка Мікалая Аляксандравіча Барысевіча, на малой радзіме вядомага ва ўсім свеце земляка ў вёсцы Лучны Мост Бярэзінскага раёна 19 кастрычніка 2018 года прайшла акцыя- эстафета “Геній родам з вёскі”, ініцыяваная Бярэзінскай раённай бібліятэкай і кардынацыйным саветам грамадскіх аб’яднанняў раёна.  Вучоны планетарнага маштаба, геній фізікі, лідар навуковай эліты Беларусі, інтэлігент з бездакорнай рэпутацыяй меў простыя сялянскія карані. Сцяжыны памяці прывялі дэлегацыю прадстаўнікоў мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, ідэолагаў, журналістаў і моладзі раёна да бацькоўскай хаты Барысевічаў, якая стала для хлопца арлінай пароды ўзлётным касмадромам, дала крылы для палёту ў недасягальную навуковую прастору і духоўную вышыню. Барысевіч М.А. пражыў доўгае, узорнае жыццё, паспеў неверагодна многа – хапіла б на біяграфіі некалькіх значных асобаў. Прайшоў шлях ад вясковага хлопчыка-пастушка – да акадэміка, Героя Працы, ад салдата Вялікай Айчыннай вайны – да генерала навукі. У няпоўныя 46 гадоў стаў прэзідэнтам АН БССР, якой аддаў 60 гадоў навуковага імпэту. 25 кастрычніка 2015 года адляцеў жураўліны клін яго лёсу ў незваротны вырай. У вёсцы Лучны Мост побач з бацькоўскай хатай жыве сястра акадэміка Раіса Аляксандраўна Паркалава, былая настаўніца.

    

  Імправізаваны мітынг “За гонар маем лічыць земляком” на малой радзіме слыннага земляка стаў для сучаснікаў сапраўдным духоўным прычасцем з асэнсаваннем таго, што жыццё дастойнага чалавека – не адно сціплая рыска паміж двух датаў. З такім земляком мы, бярэзінцы, узышлі на п’едэстал гонару, ён праславіў наш край ва ўсім свеце, гэта засеў на пакаленні! Такія думкі прагучалі ў выступленнях старшынь раённага савета дэпутатаў Лашкоўскага В.В., раённага савета ветэранаў Абазовіка М. С., Капланецкага с/Савета Забаронак Л.У., лідара БРСМ Вяргейчык Кацярыны.

  

Апошнім акцэнтам акцыі стаў паклон печы з агністай душой, на якой грэўся Мікалай хлопчыкам. Ад яе ўдзельнікі акцыі зацеплілі свяцільнік памяці, які эстафетна панеслі ў вёску Сяліба, дзе ў мясцовым клубе-бібліятэцы адбылася вечарына “Святло знаёмай зоркі”. Уразіў прысутных дакументальны фільм расійскіх кінематаграфістаў “Поле бою”, прысвечаны партызанскім будням будучага прэзідэнта. З прыязнасцю землякі ўглядаліся ў знаёмыя рысы твару яшчэ маладога Барысевіча на фотаздымках з сямейнага архіву земляка пад акорды песні “Как молоды мы были”. Усе гэтыя памятныя эпізоды жыцця акадэміка Барысевіча паўсталі на экране пад гукі скрыпкі. Будучы фізік усю вайну насіў скпыпку ў паходным рэчмяшку, раман са скрыпкай доўжыўся ў яго ўсё жыццё.    

   Асаблівая нагода для гонару і знак пашаны – вуліца імя Барысевіча ў райцэнтры Беразіно ў гонар сапраўднай легенды, засечка ў летапісу жыцця, каб памяць захоўвалася не адно пакаленне. Пры Сялібскім клубе-бібліятэцы працуе міні-музей Барысевіча. У гонар земляка 20 кастрычніка на Бярэзіншчыне стартаваў Тыдзень добрых спраў у рамках акцыі года “Малая радзіма: месца добрых ініцыятыў. Аб гэтым абвясціў на вечарыне памяці ў сваім выступленні старшыня раённага савета дэпутатаў В.В. Лашкоўскі. Важна для нашчадкаў, каб яны не заблудзіліся ў гушчы мізэрных, дробязных датаў і імёнаў, а мелі належныя арыенціры ў жыцці.    

Просмотров: 58 | Добавил: isemaschko | Теги: вечер памяти по Борисевичу
Всего комментариев: 0
avatar