Главная » 2017 » Август » 11 » Пад зоркай Купалы
11:32
Пад зоркай Купалы

  Няма ніводнага адукаванага чалавека ў нашай краіне, якому б не было вядома імя Янкі Купалы. Мы ведаем Купалу са школы, яго творы гучаць сёння амаль на 100 мовах свету. Помнікі, музеі, вуліцы – гэта ўсё ў яго гонар. Аднак, чым жыў і што любіў наш Янка, якім ён быў у побыце, як адпачываў, чым захапляўся ведае не кожны. Пагэтаму, дарэчы прыйшлася юным выхаванцам раённага аздараўленчага летніка “Папараць-кветка” шчырая размова пра паэта “Сказ пра Янку Купалу”. У гонар дня беларускага друкавання, 500-годдзе якога ўвесь свет адзначыў 6 жніўня, а таксама да юбілею Купалы бярэзінскія бібліятэкары прымеркавалі літаратурна-тэатралізаваную кампазіцыю “Пясняр з душой жаўронка”, якую прэзентавалі ў дзіцячым летніку. Мерапрыемства стала чарговым прысвячэннем у вянок 135-гадовага юбіляра і адкрыццём шматграннай асобы Народнага паэта Беларусі. Рабятам цікава было адчуць атмасферу, у якой праходзіла дзяцінства Янкі Купалы. З гэтай мэтай бібліятэкарамі былі прадстаўлены экспазіцыя сціплага сялянскага побыту і лірычная кампазіцыя “Калыхала маці сына ў калысцы ліповай”, у якой прагучалі “Калыханка для Іванкі”, агучаны цікавыя звесткі паводле ўспамінаў маладшай сястры паэта Леакадзіі Раманоўскай. Вобраз паэта прадстаў не ў парадным выглядзе, які рабяты прывыклі бачыць у школьным падручніку або на ўкладышах яго зборнікаў, а простым, блізкім, зразумелым, родным, прыцягальным для юных сучаснікаў. Самая шчымлівая старонка мерапрыемства – “Купала і дзеці”. Паэт тонка разумеў дзіцячую душу, хоць не меў сваіх дзяцей, дзецям прысвячаў мноства вершаў, марыў напісаць дзіцячую паэму. Малых частаваў цукеркамі, катаў на сваім знакамітым “Шаўрале”. Адкрыццём для сёняшняй дзятвы стаў той факт, што Купала з’яўляецца самым уганараваным беларусам у свеце. Помнікі яму стаяць у Нью-Ёрку і на Кутузаўскім праспекце ў Маскве, у ізраільскім горадзе Ашдод ёсць плошча імя Купалы. Захапленне выклікае любоў Купалы да роднай прыроды, простых людзей, грання на жалейцы, гульні ў шахматы…

Вось так, намаганнямі няўрымслівых бібліятэкараў, рабяты змаглі з цікавасцю пагартаць малавядомыя старонкі вядомага класіка, а самаму ўважліваму слухачу – Вансевічу Дзмітрыю, навучэнцу Бярэзінскай гімназіі, быў уручаны памятны сувенір.

Просмотров: 86 | Добавил: berezinolib
Всего комментариев: 0
avatar