Главная » 2018 » Ноябрь » 2 » Пра землякоў – у Год малой радзімы
09:14
Пра землякоў – у Год малой радзімы

        Плёнам сумеснага праекта Бярэзінскай раённай бібліятэкі і рэдакцыі раённай газеты “Бярэзінская панарама” стала выданне зборніка публіцыстыкі “Гісторыі ў лёсах” мясцовага  народнага журналіста Ніны Бурко. Першая кніга зямлячкі “Сонца майго дня – людзі” ластаўкай паляцела ў свет вясной 2011 года, стала запатрабаванай у бібліятэках раёна. У другой кнізе Н. Бурко “Гісторыі ў лёсах” сабраны пад адной вокладкай 84 публікацыі з надрукаванага ў раённай газеце за 7 апошніх гадоў. Малыя хронікі біяграфій, у якіх чытаецца біяграфія раёна. Героямі замалёвак сталі 94 землякі, годныя шчырага слова. Праз выразныя, вартыя прыкладу лёсы землякоў кніга расказвае пра ўнікальны і багаты на гісторыю край, з’яўляецца крыніцай гонару за тых, каго ўзгадавала бярэзінская зямля, за каго не сорамна. У краязнаўчым аздабленні кніжка атрымалася важкая, салідная – каля 300 старонак выключнай напоўненасці.                   27 кастрычніка ў раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя “Чужыя лёсы як свае” новага зборніка зямлячкі. У галоўнай кніжніцы Бярэзіншчыны сабраліся тыя, для каго любоў да малой радзімы, да людзей – не выпадковая паказная дэкарацыя, а стыль жыцця: мясцовая інтэлігенцыя, ветэраны, журналісты, героі публікацый Н. Бурко. Заяўляючы ўсяму чытацкаму свету аб выхадзе зборніка з “чалавечым тварам” і душэўнымі замалёўкамі пра людзей, арганізатары мерапрыемства не маглі не скарыстаць магчымасці расквеціць сустрэчу сонечнымі тварамі  герояў нарысаў, незвычайных сярод звычацных. Ажылі партрэты і яркія эпізоды і гісторыі жывапіснага палатна землякоў, сцэнарныя прыёмы дазволілі пражэктарам высвяціць самыя каларытныя вобразы, прысутныя здолелі адкрыць для сябе новыя грані добравядомых асоб, новыя мацерыкі, новы імёнаслоў Бярэзіншчыны.      Сапраўднай сенсацыяй стала адкрыцце імя земляка, якога мала хто ведаў да публікацыі Н.Бурко – Лапцёнка Васіля Васільевіча, казацкага ваяводы з бярэзінскімі каранямі.  Лёс ураджэнца Бярэзіншчыны Генадзя Уладзіміравіча Анцыпава – прадстаўніка навуковай эліты Беларусі, кандыдата тэхнічных навук моцнай сялянскай закваскі - прыклад таго, што навука не ведае правінцыі.  Ніна Бурко сваімі замалёўкамі адкрыла шмат малавядомых фактаў біяграфій вядомых землякоў, якія вызначаюць інтэлектуальнае аблічча раёна:  М.С. Абазовіка, П.Ф. Жукоўскага, М. С. Гермаліда, Грынкевіча М.П., Мурашкі В.Я., Л. Р. Казырка, Л. Д. Шымберавай, Булойчык М. А. і Строк А. М., Ірыны Собаль, Голуб С.М.

             Узнёслую ноту ў сустрэчу ўнёс гарманіст Міхась Папруга, усюды жаданы са сваім гармонікам – прапусніком у любую кампанію (дарэчы, іх у бярэзінскага музыкі ажно 10 штук!) Ён адзін з герояў Бурко, удзельнік беларускай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам РБ у Венесуэлу і дзён культуры Мінскай вобласці ў г. Клін Расійскай Федэрацыі.

           Рупарам народнай думкі на прэзентацыі прагучалі выступленні журналістаў – пабрацімаў па пяру: галоўнага рэдактара раённай газеты “Бярэзінская панарама” А.У. Альфер і загадчыка аддзела пісьмаў старэйшай беларускамоўнай газеты “Звязда”, вядучай рубрыкі “Алё, народ на провадзе”, хроснай маці конкурса творчасці чытачоў “Хто каго?” Валянціны  Доўнар. У адрас аўтара зборніка публіцыстыкі са словамі ўдзячнасці за каласальную працу і важкі плён стварэння матэрыялаў высокай мастацка-публіцыстычнай якасці звярнуліся старшыня раённага савета ветэранаў

       М.С. Абазовік, актывісты арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы, героі нарысаў.  Лейтматыў выступленняў: кніга землячкі Н. Бурко – засеў на пакаленні. Пройдуць гады, са старых каранёў з’явяцца парасткі новых пакаленняў, і гэты зборнік стане бестселерам для ўнукаў і праўнукаў тых, чые добрыя імёны не згасаюць з гадамі.

     

 

 

Фота Альфер А.У., Несцярэнка Н.А.

                                                                                                   

 

 

 

Просмотров: 43 | Добавил: tanzaickina | Теги: Центральная библиотека
Всего комментариев: 0
avatar