Главная » 2018 » Февраль » 22 » Вечарына паэтычнага настрою
12:05
Вечарына паэтычнага настрою

Мова народа – лепшы колер яго духоўнага жыцця, які ніколі не вяне і вечна зноў распраўляецца.  21 лютага адзначаецца дзень роднай мовы па ўсім свеце. Свята было заснавана рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года. ЮНЕСКА мае намер стварыць сістэму адсочвання стану моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і садзейнічаць выпраўленню становішча. Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне пра абвяшчэнне Міжнароднага дня роднай мовы і заклікала дзяржаў-членаў ААН і Сакратарыят ААН садзейнічаць абароне і захаванню ўсіх моў народаў свету.
         Да Дня роднай мовы і ў рамках клуба творчых сустрэч “Літаратура. Музыка. Натхненне” 21 лютага ў цэнтральнай бібліятэцы прайшла вечарына паэтычнага настрою “Імкнецца слова да нябёсаў” з удзелам маладой паэтэсы Кацярынай Генадзьеўнай Кавалёнак-Глухоўскай.
        
Імпрэзы клуба творчых сустрэч традыцыйна складаюцца з некалькіх умоўных блокаў: віктарыны, творчая частка і выступ запрошаных гасцей. Дзень роднай мовы не стаў выключэннем. Мерапрыемства пачалося з прагляду прыгожага відэароліка музычнага гурта “
Navi”, якія сваёй творчасцю паказваюць прыгажосць беларускай мовы, роднага края, шчырага кахання. Далей членам клуба і моладзі г. Беразіно былі прапанаваны некалькі віктарын, дзе патрэбна было называць правільныя назвы прадметаў быта, жывёл па-беларуску. Адна з віктарын была прысвечана беларускім класічным і сучасным паэтам. Маладое пакаленне дэманстравала веды ў асноўным толькі паэтаў-класікаў. Гэта паслужыла яшчэ адной падставай для таго, каб працягваць знаёміць моладзь з сучаснай беларускай паэзіяй.
         Госцем вечарыны стала Кася Глухоўская, якая працуе медыцынскім псіхолагам і мае адпаведную адукацыю. Кася, нягледзячы на малады ўзрост, ужо выдала адзін зборнік вершаў “Калі дрэвы растуць з галавы”. Вершы пачала пісаць у 12 год, у перыядычным друку прадстаўляецца ня толькі як паэтка, але і як празаік. Падчас імпрэзы Кася чытала свае вершы, адказвала на пытанні, якія па шчырасці не ўступалі вершам і разважала пра значэнне творчасці ў жыцці чалавека, у сваім жыцці.
 - Мне бліжэй творчасць, геданістычная лянота і радасць. Вершы – спосаб як адрэагаваць эмоцыі, у тым ліку боль, так і падзяліцца марамі, заўважаным хараством. Каб боль пражыць і адпусціць – чытачу разам з аўтарам. Каб болей стала хараства наогул.
         Завяршылася імпрэза прэзентацыяй зборніка вершаў Сяргея Маціна “Мары хмар”, які выдадзены ўжо пасля смерці маладога паэта. Паэтэса падаравала 10 асобнікаў нашай бібліятэцы, чым надала магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю паэта.
         Творчыя сустрэчы – добрая нагода пазнаёміцца з творчымі людзьмі, спазнаць іх уласны сусвет, удыхнуць паветра, якім яны дыхаюць і дакрануцца да іх творчасці. Няхай гэта добрая традыцыя – знаёміць маладое пакаленне з творчымі людзьмі раёна і краіны – стане маяком для тых, хто толькі пачынае рабіць першыя крокі, праяўляе творчыя здольнасці.

Просмотров: 111 | Добавил: lesuyekaterina | Теги: вечарына паэтычнага настрою, цэнтральная бібліятэка, Кася Глухоўская, паэзія, дзень роднай мовы
Всего комментариев: 0
avatar