Главная » 2018 » Сентябрь » 4 » З цэлым народам гутарку весці
11:05
З цэлым народам гутарку весці

    У рамках народнага праекта “Кнігі С. Алексіевіч – у кожную бібліятэку” з фінансавай падтрымкай Белгазпрамбанка ўсе бібліятэкі Бярэзінскага раёна бясплатна атрымалі пяцікніжжа гэтай вядомай у свеце беларускай пісьменніцы, нобелеўскага лаўрэата па літаратуры. Важкі духоўны спажытак для кожнага адукаванага, інтэлігентнага, нераўнадушнага чалавека, царскі падарунак для бібліятэк.   

31 жніўня супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі наладзілі для мясцовай інтэлігенцыі прэзентацыю атрыманага поўнага збору твораў Святланы Алексіевіч “Галасы Утопіі”.

У чытальнай зале сабраліся людзі з чуйнай душой, для каго інтэлігентнасць – не выпадковая дэкарацыя, а стыль жыцця. У адным зацікаўленым парыве з’ядналіся дзеці вайны, ветэраны працы, камуністычнага і камсамольскага руху, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і аматарскіх суполак, журналісты.  

На сталах - выданні С. Алексіевіч папярэдніх гадоў, на рэкламным стэндзе “5 кніг – 5 шэдэўраў” – новыя кнігі на беларускай мове у шыкоўным белым пераплёце – у светлых адзеннях шчырасці, з трывожнымі лініямі сэрцаграм і чырвонымі стужкамі-закладкамі для зручнасці чытання. Залатая пяцёрка кніг неверагоднай энергетыкі літаральна пайшла ў людзі з цэлым народам гутарку весці. Стэнд “Кнігі – крокі лёсу” прадставіў фотастужку хронікі Вялікай Айчыннай і афганскай войнаў, перабудовы і чарнобыльскіх наступстваў, якія закранулі лёсы герояў кніг С. Алексіевіч.  

Прадстаўленне ў форме маналогаў забяспечыла насычаны эмацыйны фон, калі слухачы становяцца сведкамі падзей, апісаных у кнігах-споведзях. Імправізаваны маналог пісьменніцы “Я не спавядальнік, не лекар, не суддзя - я такі ж чалавек, як і вы” дазволіў раскрыць творчае крэда пісьменніцы, сутнасць яе адказнай, самаахвярнай працы па збіранні ўспамінаў людзей.  

Маналогі франтавічак паказалі не жаночае аблічча вайны з разнастайнымі абсягамі пачуццяў. Шчымлівыя аповеды герояў кнігі “Апошнія сведкі”, дзяцей вайны ажывілі яркія трагічныя моманты перажытага імі ліхалецця.  

Акцэнт у раскрыцці кнігі “Цынкавыя хлопчыкі” быў зроблены на страшныя ў сваёй безвыходнасці маналогі матуль, якія страцілі ў Афганістане сваіх сыноў. 

Каханне, укрыжаванае Чарнобылем, прадстала праз шчыры маналог жонкі героя-пажарніка Васіля Ігнаценкі, у гонар якога ў Беразіно ўстаноўлены бюст і названа вуліца. 

Кніга “Час сэканд-хэнд”, адзначаная еўрапейскай прэміяй “Вялікая кніга” (2014), - горкая праўда пра вялікую трагедыю вялікай краіны пасля развалу Савецкага Саюза. Маналогі прадставілі сацыяльную драму людзей, якія выхоўваліся на ідэях сацыялізма і камунізма і ў 90-ыя гады апынуліся паміж уяўным адчуваннем раптоўнай свабоды і суровай рэчаіснасцю, дзе панавалі маральнае ўпадніцтва, культ грошай і насілля, што выклікала ўсплеск суіцыдаў, тэрарызму, нацыянальных міжусобіц.  

Шматгалоссе герояў нявыдуманых кніг С. Алексіевіч дапоўніла выступленне земляка, патрыёта Бацькаўшчыны і роднай мовы Рамана Яраша. Пад акампанемент гітары ён прадставіў уласную музычную апрацоўку вершаў чэшскага паэта - лаўрэата Нобелеўскай прэміі Яраслава Сейферта і беларускага паэта Уладзіміра Рубанава. 

Паводле картак шчырасці “Кніга Алексіевіч, якая найбольш мяне ўразіла” лідарам чытацкіх сімпатый бярэзінскай інтэлігенцыі стала “Чарнобыльская малітва”. Кожны трэці адзначыў кнігі “У вайны – не жаночы твар” і “Цынкавыя хлопчыкі”. Завяршылі літаратурную піраміду кнігі “Час сэканд-хэнд” і “Апошнія сведкі”. Таленавітыя творы даходзяць да чалавека, калі душа ў яго не глухая, бо мастацтва – гэта духоўная праца і шчырасць.

Просмотров: 62 | Добавил: isemaschko | Теги: Пяцікніжжа Алексіевіч
Всего комментариев: 1
avatar
1
Вітаю, шаноўная Рэдакцыя!
Калі лічыце мяне вялікім патрыётам Бацькаўшчыны, я сьцярплю.
А вось замест "чэскага ... Яраслава Сейфeрта і Уладзіміра Рубанава" выпраўце, калі ласка, на "польскага ... Чэслава Мілаша і Алеся Разанава".
Дзякуй!
З павагай,

Раман Яраш
avatar