22 лютага ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча “Адданыя роднаму слову, адданыя роднай зямлі” прысвечаная міжнароднаму Дню роднай мовы і 75-годдзю часопіса “Маладосць”. Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Сёння мы запрасілі ў госці таленавітых землякоў – пісьменнікаў, якія амаль кожны дзень у сваей творчай дзейнасці карыстаюцца нашай роднай мовай. Гэта людзі, для якіх роднае слова не пусты гук, іх душа, іх парыў і іх натхненне. Вольга Станіславаўна Рацэвіч – галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”. Яна паведаміла, што “Маладосць” – гэта часопіс творчай моладзі, на старонках якога можна прадэманстраваць сваю творчасць і адкрыць сваё імя чытачу. Аляксандр Бычкоўскі расказаў дзецям байкі і агучыў некалькі ўласных казак. Вельмі шчырым стала выступленне Таццяны Рыгораўны Каленік - аўтара кнігі “Бабуліны шпулькі”, укладальніка альманаха “Сябрына” ілюстратара кніг, дызайнера літаратурна-мастацкіх буклетаў. Яна распавядала вучням, што піша кароткія гісторыі ў казачнай форме для нашых нашчадкаў, каб шанавалі культуру і беларускую мову. Яна падаравала бібліятэцы падарунак: карціну - ілюстрацыю да навэлы “Паганіні”. Было шмат цікавага, вучні задавалі пытанні, госці ахвотна на іх адказвалі. |