Школа Творчага Удасканалення Развіцця Моладзі “ШТУРМ” Бярэзінскай раённай бібліятэкі працягвае разнастаіць формы работы з дзецьмі і падлеткамі ў летні аздараўленчы сезон. У другую дэкаду жніўня ім адрасаваны цыкл сустрэч-дыялогаў з бярэзінскімі спартсменамі у гонар 520-годдзя Беразіно, 45-годдзя Бярэзінскай ДЮСШ і алімпійскіх гульняў у Токіа-2021.
9 жніўня выхаванцам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерва горада была прапанавана першая сустрэча гэтага цыкла з бегуном-марафонцам Генадзем Жаўронкам “Спорт увайшоў у маё жыццё назаўсёды”. Цікавая і неардынарная асоба героя сустрэчы захапіла прысутных. Паспяховы натарыус з дзвюмя вышэйшымі адукацыямі – у дзесятцы мацнейшых марафонцаў свету ва ўзроставай групе 45-49 гадоў. Прызёр чэмпіянату РБ, першанства Еўропы і свету, міжнародных марафонаў і паўмарафонаў.
Упершыню жыхар Беразіно прыняў удзел у марафонскім забегу ў Турцыі ў 41-гадовым узроце. Геаграфія прабегаў: Італія, Францыя, Іспанія, Германія, Данія, Партугалія, Турцыя, Паўднёвая Карэя. Пад час сустрэчы з легендарным марафонцам падлеткаў уразілі яго шчырыя словы і прадстаўленыя на ганаровым п’едэстале ўзнагароды. З 21 прабегу ў Германіі у земляка 15 разоў - першае месца, 5 разоў – другое! Аматар бегу падзяліўся самымі яркімі ўражаннямі аб удзелах ў марафонах, раскрыў сакрэты свайго школьнага і студэнцкага захаплення бегам, распавёў пра шырокае кола інтэрнацыянальных сяброў-аматараў марафонскага бегу, адрасаваў наказы юным сябрам фізкультуры і спорту, падарыў спартыўныя майкі, заплечнікі і памятныя сувеніры самым актыўным ўдзельнікам сустрэчы. Земляку былі ўручаны рэкламныя шаржы-эпіграмы і памятны сувенір. Заключным акордам агіткампаніі “Бяры прыклад з землляка!” стала прэзентацыя ганаровага імёнаслова вядомых беларускіх спарстменаў – ураджэнцаў Бярэзіншчыны, якія складаюць гонар і славу горада, раёна і краіны, служаць узорам вытрымкі, адданасці спорту, веры ва ўласныя сілы і спартыўную перамогу. Сярод іх: тройчы чэмпіён свету па грэблі на байдарках і каноэ, заслужаны майстар спорту СССР Мікалай Хахол; шматразовы чэмпіён СССР па веласпорту ў гонках на велатрэку, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету Валянціна Сахончык-Смірнова; чэмпіён БССР па водным пола, ўдзельнік першанства Беларусі па плаванні Георг Жукоўскі; майстар спорту міжнароднага класу па грэка-рымскай барацьбе, сярэбраны прызёр чэмпіяната свету сярод юніёраў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету сярод кадзетаў у весавой катэгорыі да 130 кг Арсэн Сычоў; майстар спорту РБ, член нацыянальнай зборнай Беларусі па футболу Ігар Бурко; 8-іразовы чэмпіён вобласці, прызёр чэмпіянату Беларусі - валейбольная каманда дзяўчат праслаўленага бярэзінскага трэнера Мікалая Міхалёва; майстар спорту міжнароднага класу па трох відах -дзюдо, самба, вольная барацьба, чэмпіён БССР па вольнай барацьбе ў цяжкай вазе Анатоль Клімашонак і інш.
У ходзе агіткампаніі сярод юных жыхароў райцэнтра выбудаваўся лейтматыў актуальнага пачыну спартыўнага летняга сезону: “Усе - у спортзал!” |