520-годдзю райцэнтра Беразіно і Тыдню сям’і наш горад адсалютаваў 22 мая гарадскім злётам-форумам “Здаровыя сем’і – залаты фонд горада”. Мерапрыемства, ініцыяванае Бярэзінскай раённай бібліятэкай, стала творчым плёнам садружнасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і прафсаюзаў. Працоўнымі калектывымі горада былі намінаваны на форум 16 узорных сем’яў. Кожная 5-я сям’я – шматдзетная, у тым ліку 1 – з двойняй, 1 – пераможца раённага конкурсу “Уладар сяла”. Члены сем’яў працуюць у 22 установах, 4 сямейныя пары – у адным працоўным калектыве (раённая бальніца, аўтапарк, райгаз, ЖКГ). Працоўная сфера членаў прадстаўнічых сем’яў самая разнастайная: адукацыя, медыцына, дарожная і пажарная службы, міліцыя, служба газазабеспячэння, бытавое абслугоўванне, лясная і сельская гаспадарка, вытворчасць сыра, прадпрымальніцтва… Гонар горада – працоўная дынастыя Букатых-Самец (ЖКГ), спартыўна-настаўніцкая дынастыя Міхалёвых, афіцэрская сям’я Васільковых, сям’я ўрачоў Чамбровічаў, культработнікаў Барысёнкаў, работнікаў аўтапарка Асташонкаў, сямейная пара ветэранаў педагагічнай працы Слабко. Мужчынскае прадстаўніцтва ўзорных бярэзінскіх сем’яў: 3 галоўныя інжынеры, ганаровы дарожнік, капітан крымінальнага вышуку, дырэктар закрытага акцыянернага таварыства, спартыўны трэнер, камандзір пажарна-аварыйнага выратавальнага паста, ляснік, супрацоўнік банка, аператар камп’ютарнай музыкі, урач. Жаночая палова ўдзельнікаў семейнага форуму: прапаршчык унутранай службы, бізнес-ледзі, швяя, балетмайстар, пашпартыстка, інспектар па кадрах, настаўніца, мастак-афарміцель і кераміст, афтальмолаг… Юбілеі сумеснага сямейнага жыцця: ад брыльянтава-аквамарынавага - да сацінавага. 45-гадовая сапфіравая дата на сямейным календары ў Мельнікаў, 40-гадовая рубінавая – у Міхалёвых, 30-гадовая жамчужная – у Букатых-Самец, 25-гадовая сярэбраная – у Алейнікавых.
На свяце сваеасаблівым тронам для ганаровых сямейных параў стала рамантычная лавачка, што дазволіла вывесці іх на арбіту ўсенароднага прызнання, убачыць у поўным харастве і адметнасці, пазнаёміцца бліжэй. На фоне відэапаказа фотаздымкаў з сямейных архіваў ажылі кранальныя гісторыі кожнай намінаванай сям’і, цікавыя факты знаёмстваў. Кагосьці звяла інстытуцкая агітбрыгада, школьная дыскатэка, свята Купалле, вясковая ферма, куды прыходзілі дапамагаць матулям, аздараўленчы лагер, суседняя вуліца… Аляксандру і Вользе Алейнікавым лёс шматразова падкідваў намёкі і падказкі, пасылаў знакі, каб на 5-ты раз з’яднаць дзве палавінкі ў адно цэлае. Вяселле Віталя і Лідзіі Васільковых адбылося ў 20-гадовы дзень нараджэння нявесты. Гучную рэкламу на свяце атрымалі сямейныя традыцыі бярэзінцаў: 50–кіламетровыя велапрабегі (сям’я Аўсянскіх), культурныя дэсанты ў тэатр (сям’я Мельнікаў), пасадка дрэўцаў у гонар сыноў (сям’я Вайцяховічаў), удзел у злётах байкераў (сям’я Васільковых), першае дзіцячае адзенне, пашытае самой матуляй-бабуляй (сем’я Алейнікавых), сямейнае маляванне (сям’я Чэбан), наведванне нядзельнай службы ў царкве (сям’я Барысёнкаў), рыбалка (сям’я Асташонкаў), дарэнне жонцы караляў з сушаных грыбоў і рабіны (сям’я Цітаўцоў).
Музычныя кампазіцыі на саксафоне і пад гітару, фотавернісаж вясельных фотаздымкаў, падарункі і віншаванні ад прафкамаў арганізацый, дзе працуюць сямейнікі, раённых арганізацый работнікаў АПК, адукацыі, культуры, аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” надалі форуму ўзнёсла-урачысты і памятна-прыемны тон. |