14:22
Чытай - дворык пад сонцам дабрыні


Вулічны праект Бярэзінскай гарадской бібліятэкі “Чытай -дворык у Беразіно” завяршыў сёлетні летні сезон у пачатку верасня запрашэннем на дворык дабрыні дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Узгадаем, што да гэтага на чытай-дворыку пад вечаровай зоркай пабывала моладзь, пад ліхтаром міласэрнасці – падлеткі, пад вясёлкай радасці- жыхары райцэнтра і адпачываючыя, пад сузор’ем дзіцячай творчасці – аматары бібліятэчных клубаў па інтарэсах.
Вераснёўскі чытай-дворык пад солнцам дабрыні здзіўляў і формай і зместам: задумкай , чытацкім пасылам і арыгінальнасцю. Гасцей сустрэла Фея Дабрыні. На прыгожых і ўтульных лавачках, за столікамі чытай-дворыка рабяты пазнаёміліся з дзіцячымі часопісамі, тэатралізавана “прачыталі” апавяданне “Згубленая ўсмешка” са старэйшага беларускага дзіцячага часопіса “Вясёлка”.
Літаратурны Парнас прадставіў залатую калекцыю кніг аб дабрыні і міласэрнасці. Кніжны павільён запрасіў на арт- прадстаўленне “Добрая кніга”. Тэатр аднага акцёра ЦБ ажывіў сюжэты апавяданняў Б. Ганагі “Сонца на далоні” і “Кветачка радасці”, А. Велько “Страказа ў каробачцы”, В. Высоцкай “Дарагая наша мама”. Альтэрнатывай ім выступалі павучальныя сюжэты пра душэўную чэрствасць “Кавалачак калбасы”, “Не дам”. Арт-парад апавяданняў адкрыў алегарычны зачын “Дзве дарогі лягуць пад ногі —выбірай!”. Інтэрактыўнасць прадстаўленню надавала экспрэс-ацэнка ўчынкаў герояў апавяданняў гледачамі (пахвальным плясканнем ў далоні або асуджальным тупаннем нагамі) з імправізаваным шахматным суправаджэннем “Чорнае на светлым” . У выніку карона дабрыні вянчала белую фігуру, сцвярджаючы перамогу дабрыні ў літаратурна-шахматным паядынку . Завяршылі сустрэчу на чытай-дворыку конкурсная праграма “Казачны сад дабрыні” і дзяленне каравая пад лейтматывам “Наш хлеб духоўны – дабрыня”.

Просмотров: 326 | Добавил: Natali08121966
Всего комментариев: 0
avatar