Летні праект Бярэзінскай раённай бібліятэкі “Чытай-дворык у Беразіно” у жніўні пашырыў сваю кніжна – творчую прастору на меру інтэлектуальных патрэб жыхароў райцэнтра. Тры дні запар - з раніцы і да вечара гараджан рознага ўзросту радаваў “Чытальны дворык” у цэнтры горада каля кінатэатра і дазволяў змястоўна адпачыць. Папулярызацыі чытання на свежым паветры спрыялі каляровыя стэлажы, столікі с перыёдыкай і лавачкі, чамадан кніжных цікавінак, выставы – прэзентацыі “Залатая паліца бібліятэкі” з краязнаўчымі навінкамі і хітамі летняга сезона. Бойка праходзіла агітацыя “Запішыся ў бібліятэку (пахваліся любімай кнігай) - і атрымай прыз!”.
Вулічны тэатр “Жывая кніга” ілюстраваў рэйтангавыя апавяданні з літаратурна – мастацкіх часопісаў “Нёман”,“Полымя” і “Вясёлка”, адзначаныя чытацкай прахільнасцю бярэзінцаў. Сеансы смехатэрапіі на “лавачцы аптымістаў” уключалі гумарэскі часопіса “Вожык”, мініяцюры і інтэрмедыі з праявамі камедыйнага ў жыцці на тэмы ўзаемадносін бацькоў і дзяцей, сям’і і кахання. Самым вясёлым уручаліся прызы. Тыя, у каго не ставала тонуса весялосці, атрымлівалі вітамін-смехатрын. Юным наведвальнікам чытай-дворыка супрацоўнікамі бібліятэкі былі прапанаваны “кніжныя жмуркі” з Бабай Ягой, смяшынкі клоўна, паэтычны экспромт “Вершы з кішэні”, мастацка–тэатралізаваныя “чытанні ў кружок” пранікнёных апавяданняў беларускіх аўтараў Т. Гарэлікавай, В. Кадзетавай, В. Строкіна, Л. Кебіч, У. Сцяпана па праблемах міласэрнасці, сяброўства, маралі. Можна было бясплатна асвяжыцца вітамінным сокам, “смачна” прачытаўшы вершы і кароткія гумарэскі, прадстаўленыя на ўпакоўках напою. Чытай – дворык з ахвотай наведвалі бабулі з унукамі, маладыя матулі з дзеткамі, сталыя гараджане, адпачываючыя госці райцэнтра. Спартыўны тонус дазвалялі падтрымаць батут і дзіцячы аўтадром, добры эмацыянальны настрой навявала лёгкая музыка.
|