08:23 Ці лёгка быць журналістам? | |
Ці лёгка быць журналістам? З гэтага пытання пачалася наша размова з пастаяннай падпісчыцай раённай газеты Анжалікай Асадчай. А задала я яго не выпадкова, бо маладая жанчына не толькі рэгулярна чытае нашу газету, але і кіруе аддзелам дзіцячай кнігі Бярэзінскай цэнтральнай біліятэкі і ў дадатак вядзе бібліятэчны сайт, які паступова набірае папулярнасць сярод бярэзінцаў. Ды і цесна яна сябруе з газетай: ужо пабачылі свет першыя матэрыялы пра культурныя мерапрыемствы ў бібліятэцы за подпісам Анжалікі Асадчай. – Калі б вы ў мяне запыталі пра гэта два гады назад – калі я яшчэ была ў дэкрэтным водпуску, я з дакладнасцю на сто працэнтаў дала б станоўчы адказ, – пачала гутарку Анжаліка. – Здаецца, ну што тут складанага: збірай інфарма-цыю, апрацоўвай яе і – пішы. Усё спачатку падавалася ў гэтай справе вельмі лёгкім і простым – да першых грабель і творчых пакут. Цяпер жа для мяне ёсць толькі дзве катэгорыі асабіста майго «пісання» – «інфармашкі» і «цікавінкі», як я іх любоўна называю. І больш складана мне працаваць якраз не над другімі, якія патрабуюць часу, пошукаў інфармацыі, разважанняў, уласнай падрыхтоўкі, а над інфармацыйнымі тэкстамі. Зрабіць чарговы справаздачны тэкст чытабельным, каб ён быў зразумелы ўсім і каб у прафесіяналаў не ўзнікала пытанняў, асабіста для мяне – высачэзны журналісцкі пілатаж. Але адно я ведаю добра: калі табе цікава тое, аб чым ты пішаш, тады і чытачу будзе цікава. | |
Просмотров: 159 | | |
Всего комментариев: 0 | |