16:24
Бяром прыклад з пісьменніка

Літаратурны ўніверсітэт Бярэзінскай раённай бібліятэкі 5 год дапамагае бібліятэкарам пашыраць свой кругагляд, напрацоўваць навыкі літаратурнай ацэнкі, вызначаць кніжныя прыярытэты прапаганды сярод наведвальнікаў бібліятэк. Асабліва запатрабаваны матэрыялы па творчасці бкларускіх пісьменнікаў-юбіляраў года цыкла “Малавядомыя пра вядомых літаратараў”, “Знакавыя кнігі юбіляра”, “Фаварыт-кніга юбіляра”, “Літаратурныя шэдэўры пісьменніка-юбіляра”. Прапаганда вядзецца пад лейтматывам: літаратура – наш нацыянальны пашпарт, па якім нас пазнаюць у свеце.
Лютаўскія заняткі літаратурнага ўніверсітэта былі прымеркаваны да 95-ых угодкаў са дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, пазначанага пячаткай выключнасці. Ён быў унікальнай фігурай свайго часу – спалучаў у сваёй асобе пісьменніка і навукоўца - прафесійнага выкладчыка літаратуры. Яго асноўныя жыццёвыя прынцыпы, здатныя паслужыць узорам для сучаснікаў, сталі зачынам агіт-кампаніі на Бярэзіншчыне “Бяры прыклад з пісьменніка”, якая стартавала 16 лютага, у дзень нараджэння пісьменніка і прымеркавана да Года малой радзімы і Міжнароднага дня роднай мовы.
Сёння выключна актуальна выказванне пісьменніка “Радзіма - не там, дзе жывецца больш сытна, а там, дзе твае карані”. Парастак яго жыцця ўзыйшоў у 1925 годзе ў невялічкім драўляным мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна, дзе гудкі цягнікоў змешваліся з мычаннем кароў і кудахтаннем курэй. Бацька працаваў на чыгунцы стрэлачнікам, маці - звычайная сялянка. У сям’і было чацвёра дзяцей. Ніякай раскошы не было: вопраткі амаль ніякай, даношвалі абноскі. На дзве сотні перадваенных рублёў пуцявога абходчыка ды на бульбу, што дазвалялі чыгуначнікам саджаць на паласе адчужэння, бацька цягнуў сям’ю і яшчэ выкручваўся плаціць за навучанне – старэйшыя класы перад вайной былі платныя. Хлопцы ў даматканых штанах старанна вучыліся, адчайна чыталі, бачылі сябе ва ўніверсітэтах, вайсковых вучылішчах.
Вёска – слоўнік яго жыцця. У роднай вёсцы Іван убачыў свет і спакваля спазнаваў яго, вокам і ўяўленнем усё шырэй рассоўваючы ягоныя далягляды. Сялянскае маленства навучыла веданню таямніц жыцця. І мараль, і сумленне адтуль, з дзяцінства. З усяго, што запала ў дзіцячую душу і больш запомнілася – птушкі і кнігі. Птушак прыносіў дадому, бо хацеў пачуць іх спеў, а потым выпускаў на волю, бо ведаў: воля найдаражэй усяго!
Любоў да кніг поўнасцю запаланіла сэрца хлапчука з простай сям’і. Чытаймер інтэлігентнасці будучага пісьменніка і акадэміка вымяраўся прынцыпам: кніга адчыняе свет. Я дабіўся поспеху, таму што чытаў. Па начах хлопчык залазіў высока на страху і чытаў пры святле месяца. Большасць кніг прачытаў да 6 класа, быў запісаны ў 4-ох бібліятэках. Рана пачаў чытпць сур’ёзных аўтараў: Бальзака, Стэндаля, Коласа. Захапіўся коласаўскай “Дрыгвой”, сабраў звыш 10-ці выданняў гэтай кнігі. Апантаны кніжнік Навуменка быў частым наведвальнікам букіністычных крам. З яго кнігазборам магла паспаборнічаць бадай што толькі прыватная бібліятэка Б. Сачанкі.
Народны пісьменнік дзейнічаў па прынцыпе: калі ты быў сведкам вялікай падзеі, ты павінен апісаць яе – для самога сябе, для свайго народа, для гісторыі. На першую квадру жыцця Навуменкі прыпалі гады Вялікай Айчыннай вайны. У 20 гадоў ён ужо меў 4-гадовы суровы і цяжкі вопыт падпольшчыка, партызана, салдата. Калі пачалася вайна, Навуменку па ўзросце не забралі на фронт. Ён разам з сябрамі апынуўся пад акупацыяй. Было жаданне стаць упоплеч з дарослымі, узяць зброю. З ліку вучняў старэйшых класаў быў удзельнікам падпольнай групы, затым сувязным партызанскай брыгады імя Панамарэнкі. Па-нямецку школьнікі ўмелі толькі лічыць да 10. Тэрмінова ўзяліся вывучаць мову па падручніку 5-класа – і веданне мовы спатрэбілася: на першым годзе акупацыі навучыліся чытаць нямецкую газету. За добрае веданне мовы Навуменку залічылі ў франтавую разведроту. Даводзілася выпаўзаць на нейтральную паласу, далучацца да нямецкай сувязі і падслухоўваць. Навучыліся падключацца да падземных кабеляў, навушнікі клалі на гітару, каб быў лепшы рэзананс, і лавілі каштоўныя звесткі з варожага штаба. Аднойчы ўдалося падслухаць, што немцы збіраюцца ўзарваць плаціну вадахранілішча, каб затрымаць наступленне Чырвонай Арміі. Паспелі папярэдзіць, чым выратавалі многіх байцоў. За гэта Навуменка атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. За вайну Навуменка намераў тысячы вёрстаў, праз порах і дым прайшоў баямі пад Ленінградам, на Карэльскім перашыйку, вызваляў Арол і Белград, Усходнюю Прусію і Сілезію. Вярнуўся з вайны ў мундзіры старшыні армейскай разведкі. Вайна надта парэдзіла рады яго равеснікаў: з выпускнога класа Навуменкі ацалела чацвёра. Ад імя свайго пакалення Навуменка шмат пісаў пра вайну. Напісанае – пячатка яго таленту, запісная кніжка душы. За 15 гадоў выдаў 27 кніг, вядомы перш за ўсё як аўтар “партызанскай трылогіі” раманаў “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”, якая стваралася цягам 13 гадоў і з’яўляецца праўдзівай мастацкай хронікай той страшнай вайны. Апавяданне пра Сталінград у 1985-90-ыя гады змешчана ў амерыканскіх газетах. А ўсяго на рахунку пісьменніка 15 празаічных зборнікаў. 200 навуковых прац і 10 манаграфій. Пісаць пачаў, калі яму было ўжо каля 30-ці год. Літаратура пачыналася з апавядання, праз вакно гэтага жанру ён глядзеў на жыццё бо доўгі час пасля вайны працаваў у газеце. У апавяданні ішоў пярвічны жыццёвы матэрыял, самае чыстае і важкае зерне. Пехатою па разбітых пасляваенных дарогах дабіраўся малады журналіст мазырскай газеты ў самыя аддаленыя куточкі палескай глыбінкі. Працаваў у газеце “Звязда” і часопісе “Маладосць”, завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, скончыў аспірантуру. Ніколі не бранзавеў, нягледзячы на рэгаліі: лаўрэат Дяржаўнай прэміі, доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы, заслужаны дзеяч навук РБ. Займаў важныя пасады: быў старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі, віцэ-прэзідэнтам АН, але лічыў сваёй галоўнай пасадай – пісьменніцтва. Літаратура вялікая палітыка, пісьменнікі сваю палітыку робяць пяром на карысць народа і дзяржавы.
Грамадзянін вялікай Савецкай дзяржавы, беларус Навуменка жыў па прынцыпе “Радзімы вялікай няма без малой. Каб любіць Беларусь, трэба яе ведаць!”. Шмат ездзіў па свеце. Тры месяцы быў у Амерыцы як член беларускай дэлегацыі на сесіі ААН. Пры гэтым не страчваў адчуванне кроўнай сувязі са сваёй Бацькаўшчынай. Прызнаваўся: “Лепшай краінай чым Беларусь, для мяне няма! Гэта мая радзіма, жыццё, лёс. Той, хто пакідае сваю Радзіму і жыве на чужыне, няшчасны, бо парывае жывыя карані, якія сілкуюць жыццёвыя сілы”. З Алегам Лойкам збіраліся разам аб’ехаць усю Беларусь. На жаль, давялося прайсці толькі Браслаўшчыну. На блакітным “Масквічы”, а пазней на непаваротлівай “Волзе” ездзіў па грыбы ў лагойскі лес.
Прафесійны выкладчык літаратуры, акадэмік Навуменка вылучаўся выключнай дасведчанасцю. Пра яго Р. Барадулін напіша: “Усе прафесары, дацэнты перад Навуменкам адным нібы-та дробязныя цэнты перад далярам залатым”. Слыў сапраўдным моўным паліглотам. Па-нямецку чытаў і гаварыў свабодна: акупацыя, служба ў разведроце, амаль год пасля вайны ў Нямеччыне, памножаныя на залаты медаль і школу, скончаную за 9 гадоў замест 10-ці. З замежных паездак прывозіў працы Мао, “Доктара Жывага” па-нямецку. Прыстойна размаўляў па-французку і ангельску, чытаў па-польску, быў старшынёй камітэта славістаў. 20 кніг пераклаў на рускую мову. Верны прынцыпу: “Паважай чужое, любі сваё”, улюбёны ў латынь і замежныя мовы, меў устойлівае амплуа прыхільніка роднай мовы, гаварыў усюды і заўсёды выключна па-беларуску, спраўджваючы на ўласным прыкладзе мудрую выснову “Беларусам нельга звацца, калі роднай мовы цурацца”.
Спадзяемся, што агіт-кампанія “Бяры прыклад з пісьменніка!”, скіраваная на юбіляра года І. Навуменку, стане для бярэзінцаў сапраўднай школай патрыятызму, беларускасці, кніжнасці, інтэлігентнасці, культурнасці і адукаванасці. Надзвычай актуальна сёння праблема выхавання дзяржаўнага чалавека, патрыёта, інтэлігента, павернутага галавой і сэрцам да радзімы. Для свету мы цікавыя менавіта сваёй самабытнасцю. Нацыянальную ідэю шукаць не трэба. Гэта вернасць сваёй Бацькаўшчыне, адраджэнне і абарона традыцыйных каштоўнасцяў, вынішчэнне падражальніцтва чужому ладу жыцця, зродлівай іншаземнай культуры і ідэям ілжэпатрыятызму.

Просмотров: 395 | Добавил: Natali08121966
Всего комментариев: 0
avatar