Гумарыстычная гасцёўня “Дзядоўнік на Парнасе”, зладжаная супрацоўнікамі Бярэзінскай раённай бібліятэкі, сабрала мясцовую інтэлігенцыю горада пад дэвізам “Журналіст – прафесія творчая!”, актуальным для месячніка літаратурнага краязнаўства і 90-гадовага юбілею раённай газеты. Творчыя здольнасці бярэзінскіх журналістаў-гумарыстаў здзіўляюць землякоў. Гумарыстычны талент Барыса Манцэвіча (цяперашняга жыхара Вілейкі, які 33 гады пражыў у Беразіно, 28 з іх аддаў раённай газеце) быў прадстаўлены на вечарыне цікавымі фактамі біяграфіі, вершамі і прыпеўкамі аўтара, якія па-майстэрску выканалі самадзейныя артысты клубаў “Сустрэча” і “Другая маладосць”. Званы госць гумарыстычнай гасцёўні – журналіст, кнігалюб, краявед і нумізмат, аўтар зборніка “Фрагізмы і фразмы” выдавецтва раённай бібліятэкі Анатоль Палынскі прадставіў свае арыгінальныя аўтарскія афарызмы, анекдоты, фразеалагізмы, слоўнічак-размоўнічак, міні-маналогі з гумарыстычна-сатырычным і філасофскім поглядам на жыццё. Тэатр аднаго акцёра раённай бібліятэкі ажывіў мініяцюру А.Палынскага “Спадарожніца для Альберта”. Гаспадыня гасцёўні па заведзенай традыцыі ўручыла Званаму госцю сяброўскія шаржы-эпіграмы. |