У фае бібліятэкі адкрылася фотавыстава работ мастака Валенція Ваньковіча. Нарадзіўся ён 12 мая 1800 г. у радавым маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павета (цяпер Бярэзінскі раён) у сям’і патомнага суддзі Мельхіёра Ваньковіча і Схаластыкі Гарэцкай і стаў самым яркім рамантыкам у беларускім мастацтве ХІХ ст. Валенцій Вільгельм Ваньковіч—адзін з нямногіх беларускіх мастакоў ХІХ ст., які пакінуў след не толькі ў культуры сваёй бацькаўшчыны, але і атрымаў вядомасць далёка за яе межамі. Валенцій Ваньковіч належаў да плеяды мастакоў, якія лічылі творчасць духоўнай місіяй па ўдасканаленні чалавека, узвышэнні яго душы. Таму чалавек і стаў галоўным героем ягоных твораў. Выдатны майстар партрэта на сваіх палотнах захаваў цэлую эпоху ў канкрэтных непаўторных асобах. Яго партрэты рассеяны па ўсім свеце: захоўваюцца ў музеях Літвы, Польшчы, Францыі, Расіі. Многія карціны знаходзяцца і ў прыватных калекцыях нашчадкаў тых, каго мастак пісаў у першай палове ХІХ ст. У Беларусі, на радзіме мастака, на жаль, яго твораў няма. Выстава прымеркавана да дня нараджэння мастака.
|