10:55 Імя – брэнд , або Жыццё на вятрах гісторыі | |
Усіх нас яднае маральны і духоўны базіс – духоўная зямля, а ўжо потым тэрыторыя, геаграфія, месца жыхарства. У гісторыі райцэнтра Беразіно на Міншчыне шмат неардынарных людзей, якія з’яўляюцца духоўнай элітай грамадства. Здзейсненае імі – неацэнны духоўны набытак, якім карыстаюцца новыя пакаленні. За іх лёсам – лёс горада, краіны, што выклікае гонар і асаблівую зацікаўленасць. У жыхароў Беразіно запатрабаваны бібліятэчныя мерапрыемствы-прысвячэнні землякам, якія даюць мажлівасць убабчыць іх не манументальна-узнёслымі на п’едэстал, а роднымі, блізкімі, простымі і зразумелымі – у багацці цікавых звестак, падзей, здзяйсненняў у клопатах і турботах. Вечары-партрэты, вечары-кампліменты, вечары ажыўшых біяграфій, вечары-адкрыцці, кантакт-гастёўні, злёты равеснікаў ствараюць духоўны партрэт выбітных землякоў і партрэт часу, малююць маленькія хронікі біяграфій, нясуць высокую адлюстравальна-пазнавальную, выхаваўча-грамадскую, краязнаўча-партыятычную місію, выклікаюць пачуццё адзінства. У гонар Дня народнага адзінства ў Беразіно стартавала акцыя “Імя земляка – брэнд краіны” цыкла “Вядомыя бярэзінцы ў сталіцы”. Вечар-партрэт “Жыццё на вятрах гісторыі” быў прысвечаны нараджэнцу мястэчка Беразіно доктару гістарычных навук, прафесару і акадэміку, выкладчыку, навуковаму кансультанту і журналісту Эмануілу Іофэ. Хлопец з невялікага правінцыйнага гарадка праявіў настойлівасць у ажыццяўленні сваёй запаветнай мары – стаць гісторыкам. Іскрынку цікавасці да прадмету ў яго запаліў школьны настаўнік гісторыі Капітонаў К.А. Шлях у навуку не адразу лёг праспектам сталічным. Іофэ пабіў рэкорды па Беларусі па колькасці паступленняў у аспірантуру (здаваў экзамены на выдатна, але не праходзіў: бар’ерам стала 5 графа ў анкеце: нацыянальнасць). Пасля абароны дысертацыі доўгі час працаваў школьным настаўнікам. Была работа ў ВНУ па спецыяльнасці, аднак Іофэ гаварылі: “Няхай вас направіць гаркам партыі”. У гаркаме адказвалі: “Мы не супраць”, аднак напраўленне не давалі. Толькі пасля некалькіх паходаў у ЦК КПБ давялося адстаяць свае правы. Нарэшце маладому вучонаму было дазволена трымаць экзамен на замяшчэнне вакантнай пасады выкладчыка педінстытута імя Горкага. Першы сакратар гаркама пры зацвярджэнні на пасаду замест віншавання сказаў: “Майце на ўвазе, што за вас прагаласавала 23 чалавекі, а 17 былі супраць”. Іофэ ніколі льсціва не заглядаў у вочы маючым уладу чыноўнікам. Глыбокія веды, навуковы кругагляд, рэальная ацэнка сваіх магчымасцей, уменне пры любых абставінах заставацца самім сабой рабілі яго чалавекам незалежным. Для кагосьці доктарская навука – толькі прыступка, каб заняць высокую пасаду, мець жыццёвыя выгоды, якія з ёй звязаныя. Для Іофэ навука была і ёсць не сродак, а мэта і сэнс жыцця. Доктар гістарычных навук – ён пажыццёвы слуга гісторыі, слуга памяць. Цвёрда ўпэўнены: у ветразі Гісторыі павінен дзьмуць толькі адзін вецер Праўды, якую не выкрэсліць час. Гаварыць адно, а думаць другое – гэта не пра яго. Прафесар Іофэ выступаў з дакладамі больш чым на 300 міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, у тым ліку ў Расіі, Ізраілі, Польшчы, Літве, Латвіі, ЗША. Чым вышэй трыбуна – тым больш высокае слова. Гісторыя служэння навуцы і праўдзе нашага земляка дастойна цэлага рамана. Дыяпазон яго навуковых інтарэсаў неверагоджна шырокі: гісторыя Беларусі, сацыялогія і паліталогія, ваенная гісторыя, гісторыя сцепслужбаў. Навуковая дзейнасць для яго – ганаровы абавязак зберагчы для патрабавальных нашчадкаў, аставіць “ашчадную” кніжку сваіх работ, чэсна асэнсоўваючы час, не ахвяруючы не глыбінёй, ні сур’езнасцю зместу. Агульная колькасць друкаваных работ налічвае звыш 2000 на англійскай, польскай, нямецкай, украінскай мовах. Працы апублікаваны ў ЗША, Ізраілі, Польшчы, краінах СНД. Гэта не планавы прадукт, а праца душы, пытлівага сумлення і занепакоенага розуму. Іофэ – гісторык з вялікай літары, з незаплямленай недаставернасцю рэпутацыяй. Яго інтэлігентнасць не напускная, знешняя, а стыль жыцця. Жыццё акадэміка Іофэ – жыццё суцэльнай вучобы. Ён пастаянна працаваў над павышэннем свайго адукацыйнага навуковага цэнзу, ведаў: пазалота, якую даў універсітэт хутка абляціць, калі неадукоўвацца далей. На яго адукацыйным рахунку: педінстытут, завочнае аддзяленне эканамічнага факультэта МДУ па спецыяльнасці “Паліталогія”, аспірантура Інстытута гісторыі АН, Нацыянальны інстытут гуманітарных навук РБ па спецыяльнасці “Паліталогія”, рэспубліканскі ўніверсітэт вышэйшай школы і гуманітарнай адукацыі па спецыялізацыі “Сацыялогія”, курс адкрытага ўніверсітэта Ізраіля. Прафесар Іофэ выкладае студэнтам паліталогію, сацыялогію, спецкурс “Палітычная сістэма РБ”. Гэта больш склада, чым матэматыка і фізіка, дзе ўсе пастаяннае, ўстойлівае. Сёння яго прозвішча належыць усёй рэспубліцы. Іофэ – аўтар 48 кніг, у тым ліку першай у свеце кнігі пра яўрэяў Беларусі. Удзячны сын свайго шматпакутнага народа прысвяціў яўрэйскай тэме 8 кніг і звыш 300 артыкулаў. Гэта вынік карпатлівай працы з 1989 года, калі запалілася “зялёнае святло” для гэтай тэмы. Услед за лаўрэатам прэміі імя М.Шагала віцебскім паэтам Давідам Сімановічам Іофэ можа з поўным правам заявіць: “Маю гонар належыць да гэтага гнанала народу!”. А яшчэ Эмануіл Рыгоравіч – удзячны сын малой радзімы, аўтар гісторыка-эканамічнага выдання “Беразіно” (1986). Рэцэнзент і навуковы кансультант 18-га тома БСЭ і 8-га тома Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Аўтар 50-ці радыё- і тэлеперадач, навуковы кансультант дакументальнага фільма “Апошнія сведкі” (2003). Журналіст, член Беларускага саюза журналістаў з 30-гадовым стажам, член рэдакцыйнага савета рэспубліканскіх часопісаў “Беларуская мінуўшчына”, “Народная асвета”, адзначаны ганаровай граматай заснаванага Адміністрацыяй Прэзідэнта РБ часопіса “Беларуская думка”. Выдатнік адукацыі РБ, агульны стаж у сістэме вышэйшай адукацыі звыш 40 гадоў. З 1978 г. працуе ў БДПУ (прайшоў шлях ад аспіранта – да прафесара). Падрыхтаваў 2-х кандыдатаў і магістра гістарычных навук, быў афіцыяльным апанентам па абароне 25 доктарскіх і кандыдацкіх. Член журы амерыканскага біяграфічнага інстытута па прысуджэнні ганаровага звання “Чалавек года планеты”. Прадставіў 10 кандыдатур ад Беларусі, у тым ліку 3-х жанчын. Турботы нераўнадушнага грамадзяніна Іофэ – планетарнага маштабу: член праўлення Міжнароднага фонда “Трасцянец”, прэзідыума Міжнароднай акадэміі па высучэнні нацыянальных меншынстваў, заснавальнік Беларускай секцыі Міжнароднай арганізацыі па правах чалавека. Шмат тытулаў, ды галоўны з іх – зямляк. Адной з асноў самарэалізацыі асобы Іофэ была і застаецца сям’я, круціцца кола жыцця, а адрасы сямейнага шчасця застаюцца нязменнымі. Звыш паўвека сэрцы б’юцца ў такт, каханне аказалася без фальшу. Дама сэрца і жонка – ураджэнка Мінска Элеанора Ісаакаўна. Вяселле адзначылі ў ліпені 1967 г., але слова каханне не выліняла за 54 гады. Праўду ў народзе кажуць: за кожным паспяховым мужчынай стаіць разумная жока, якая вядзе яго да вяршынь. Бацькоўскае шчасце – быць бацькам дарослых дачок. Пяць унукаў – новыя галінкі радаводнага Дрэва Іофэ, ён з гонарам можа сказаць: мая радня – маё багацце! “Дастойнаму роду няма пераводу!” Э.Р.Іофэ рыхтуе кнігу пра свой радавод. На жыццёвым табло ганаровага земляка – салідная, духоўна-важкая дата – 82. Вучоны гісторык здолеў знайсці шчасце, склаўшы Былое і Сённняшняе, не зблудзіўшы ў Будучыні. Сустракае жыццёвы экватар справамі вялікай унутранай насычанасці. Па-ранейшаму жыве цераз край – па-іншаму не можа, не ўмее. У яго няма часу заглядаць у пашпарт – яшчэ многае трэба паспець. Мы, бярэзінцы, трымаем раўненне на доўгажыхара, інтэлігента, аптыміста, праўдалюба і патрыёта Э.Р.Іофэ. Вечарына сабрала мясцовую інтэлігенцыю, ветэранаў працы, карэнных жыхароў Беразіно, хто ведаў будучага акадэміка па дзіцячых і школьных гадах. Прагучалі ўспаміны пра аднакласніка Ліліі Казырка, Браніслава Трусевіча, Людмілы Ільініч (Суднік). Дзве сустрэчы ўзгадаў старшыня раённага Савета ветэранаў Зябко А.М., гісторык па адукацыі. Прысутныя прачыталі біяграфію земляка “на біс”, быццам радкі захапляльнай аповесці. Ажылі сюжэты жыцця на фоне відэапрэзентацыі фотаздымкаў сямейных архіваў Іофэ і яго равеснікаў па школе. Арганічна дапаўнялі сцэнарную лінію вечарыны лірычная кампазіцыя “Бярэзінскі панадворак”: цэнтр сусвету – родная вуліца Камсамольская, а таксама вернісаж цікавых паведамленняў “Сокал знойдзе дарогу да сонца”, “Казахская сямейная эпапея”, “60-гадовы раман з Гісторыяй”, “Падарунак гораду”, “Слуга гісторыі – слуга памяці”, “Сям’я на ўсе часы”. | |
Просмотров: 240 | |
Всего комментариев: 0 | |