14:02
Як прачнуцца славутым?

Дакладны адказ на гэтае пытанне ведае пастаянны падпісчык і чытач раённай газеты, 26-гадовы Мікіта Лупач.

Цікавасць да мясцовага друкаванага выдання яму прывілі ў свой час бацькі, а вось устойлівы інтарэс замацавала прафесія і асаблівая ўласная павага да газеты. Ды і як жа інакш, бо гэта з лёгкай рукі мясцовых карэспандэнтаў бібліятэкар Пагосцкай сельскай інтэграванай бібліятэкі ўмомант стаў медыйнай асобай рэспубліканскага маштабу і набыў новых сяброў нават за мяжой.

Усё пачалося з праекта

З дзяцінства ў Мікіты дыягназ «дзіцячы цэрабральны параліч». Першая група інваліднасці змянілася другой, пасля – трэцяй. Таму будучую прафесію юнак выбіраў з улікам медыцынскіх супрацьпаказанняў. Мікіта скончыў Магілёўскі бібліятэчны каледж імя А.С. Пушкіна і атрымаў спецыяльнасць "бібліятэкар-бібліёграф-аператар аўтаматызаванай бібліятэчнай інфармацыйнай сістэмы”.

Па першым часе адпрацаваў два гады ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Аднак затым па прычыне фінансавых нястач вымушаны быў вярнуцца дамоў. Пяць месяцаў Мікіта быў афіцыйна беспрацоўным. Працоўнае месца малады бібліятэкар атрымаў пасля адаптацыі да працоўнай дзейнасці для людзей з інваліднасцю праз цэнтр занятасці. Менавіта тады ён і стаў героем праекта газеты "Бярэзінская панарама" "Пандусы жыцця".

Гісторыя бібліятэкара з інваліднасцю, якому пашчасціла атрымаць працоўнае месца, не толькі выклікала вялікі рэзананс у нашым раёне, але і стала выдатным інфаповадам пазнаёміцца з юнаком для журналістаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Пра яго напісана нямала матэрыялаў і зняты відэасюжет.

– Такой папулярнасці я яўна не чакаў, – прызнаецца Мікіта, – бо я ж усяго толькі шчыра расказаў пра сябе, аб сваім жыцці і якое гэта шчасце – мець працу пры маіх абставінах. Нават не здагадваўся, што гэта будзе так цікава людзям.

Першай яму даслала ліст 30-гадовая жанчына. Яна таксама інвалід і ніяк не можа ўладкавацца на працу. Таму артыкул пра бярэзінскага бібліятэкара даў ей рэальную надзею ажыццявіць сваю мару. Затым юнака чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Невядомы мужчына прывёз у бібліятэку тры вялікія скрыні з каштоўнымі кнігамі. Ды і знайшоўся ў Мікіты добры сябар і калега ў Паўночным альбіёне.

– Таму я шчыра ўдзячны раёнцы за тое, што яна зрабіла для мяне, – гаворыць мужчына. – Я стаў больш упэўненым і адкрытым, раю ўсім давяраць газеце!

 

"Раёнка" – адно з любімых выданняў

З "Бярэзінскай панарамай” Мікіта знаёмы вось ужо 14 гадоў. Менавіта столькі гадоў шматдзетная сям’я Пяцюшык жыве ў аграгарадку Пагост. Сюды яны пераехалі з Гродзенскай вобласці і перш-наперш, каб пазнаёміцца з раёнам бліжэй, выпісалі раённую газету.

– Мае бацькі людзі простыя, вясковыя, – расказвае ён. – Таму нязменна перавагу ў газеце аддаюць матэрыялам пра сельскую гаспадарку і артыкулам пра людзей. Цікава ж чытаць не толькі пра працоўныя дасягненні, але і адкрываць асобу чалавека з іншага ракурсу. Ды і каму не хочацца даведацца, хто што прадае і купляе.

Гэтыя тэмы вызначаюць і кола інтарэсаў чытачоў пагосцкай бібліятэкі. Праўда, тут прачытаны па некалькі разоў не толькі газеты ў гонар працаўнікоў сельскай гаспадаркі, але і педагогаў.

– Мяне падкупляе такая разнастайнасць інтарэсаў людзей, – заўважае Мікіта, – бо асабіста мяне вабіць маладзёжная тэматыка і хочацца бачыць як мага больш у газеце маладых твараў, каб зарадзіцца іх пазітыўнай энергіяй і аптымізмам.

Ёсць у бібліятэкара і яшчэ адна ўпадабаная тэма ў газеце – краязнаўства. Ёй ён захапляецца разам з вучнем школы Валерыем Шэметам. Ён – пераможца раённай прадметнай алімпіяды ў мінулым навучальным годзе па беларускай мове і літаратуры.

– Мы разам з ім захапляемся гісторыяй роднага краю, – удакладняе Мікіта, – таму ні ў якім разе не прапускаем краязнаўчыя матэрыялы ў газеце і ў сацыяльных сетках. Вядома ж, славутасцей у параўнананні з Заходняй Беларуссю на Бярэзіншчыне няшмат, таму кожная з іх для нас вельмі каштоўная. Мы ж сапраўдныя патрыёты: жадаем жыць і працаваць у Бярэзінскім раёне.

Газета яшчэ і вучыць

Гады сяброўства з газетай не праходзяць для Мікіты дарэмна. Ён дагэтуль першым імкнецца ў бібліятэцы яе пачытаць. Ды і ўчытваецца ў радкі яе не проста так.

– Ведаеце, я цяпер беспамылкова вызначу фотаздымкі Алены Громавай, – гаворыць юнак, – бо яна мае свой уласны творчы почырк, які ніяк не пераблытаеш. А вось друкаваныя матэрыялы мясцовых карэспандэнтаў пакуль адрозніваць не навучыўся, але я ўсё роўна буду да гэтага імкнуцца. Выдам вам сакрэт: я сам крышачку пішу і мару з цягам часу напісаць нешта ў стылі ўтопіі альбо антыўтопіі.

Ёсць у маладога бібліятэкара і ўласнае пажаданне да газеты.

Просмотров: 210 | Добавил: berezinolib | Теги: Березинская центральная районная би
Всего комментариев: 1
avatar
1 fesowetz • 15:55, 04.11.2022
Гордимся  cranky
avatar