31 сакавіка ў райцэнтры Беразіно стартаваў міжведамасны пілотны праект “ШТУРМ” для дзецей і падлеткаў асацыяльных паводзінаў. Галоўным каардынатарам і кіраўніком раённай Школы Творчага Удасканалення Развіцця Моладзі выступае Бярэзінская раённая бібліятэка.
На ўрачыстае адкрыцце школы “ШТУРМ” атрымаў персанальнае запрашэнне 21 навучэнец з 4-х гарадскіх і 4-х сельскіх школ. Мерапрыемства прайшло у фармаце яркай імпрэзы: набор каманды юнгаў на карабель Мары, які адправіцца ў захапляльнае плаванне цягам 13 месяцаў з порта Беразіно, дружалюбнага дзецям. Юнгі атрымалі спецыяльна маркіраваныя кепкі – зашыфраванае пасланне і код разпазнання: тут няма чужых, кожны – свой сярод сваіх. Эстафета знаёмства з юнгамі прайшла з арыгінальным прадстаўленнем персанальных пазыўных пароляў - імёнаў, а таксама цікавых фактаў пра іх знакамітых аднайменцаў, пра мясціны школьнай і жыхарскай прапіскі, цікавыя захапленні кожнага. Рытуал пасвячэння ў юнгі ўключаў калектыўную нестандартную анкету карабельнай каманды, абвяшчэнне Марскога Уставу, прамаўленне клятвы, раздачу шпаргалак-напаміналак “Запаведзі на кожны дзень”, прычасце караваем дружбы. З наказам да юнгаў звярнуліся лідар Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Купіч, першы сакратар БРСМ Кацярына Аўрамчык, старшыня ГА “Белая Русь” Алена Жолудзева. Юнгі атрымалі ў падарунак глобусы і памятныя блакноты для запісвання ўражанняў, завязалі каляровыя стужкі на Дрэва жаданняў, наведалі масцярок-каюту раённага цэнтра рамёстваў і чытацкі кубрык. Узнёслы тонус карабельнай тусоўцы надавалі танцавальныя кампазіцыі і песні ў марскім стылі выхаванцаў Бярэзінскай школы мастацтваў.
Пазыўны сігнал на наступны збор школы “ШТУРМ”прагучыць ўжо ў красавіку.
|