Штотыднёвая рубрыка ад Алеся Бычкоўскага
Пацікаўцеся ў раённай бібліятэцы
Пятро ВАСЮЧЭНКА. Выбраныя творы.
З гэтым пісьменнікам мне пашчасціла быць асабіста знаёмым, сустракаліся на пісьменніцкіх сходзішчах. Пятро Васючэнка быў выкладчыкам Белдзяржуніверсітэта, меў выдатнае пачуццё мовы, мастацкага слова і вылучаўся дасціпным гумарам. Гумар той заўсёды быў добрым, нават сатыру ад гэтага літаратара нельга назваць ўедліва-здзеклівай.
У кніжку ўвайшлі лепшыя творы аўтара. Пад адной вокладкай сустрэліся вядомыя беларускаму чытачу казачная аповесць “Прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага”, раман-бурлеск “Дванаццаць подзвігаў Геракла”, апавяданне “Упрочкі”, а таксама драматургічныя творы і літаратуразнаўчыя нарысы. Пра кожны твор можна расказваць шмат, але лепш прачытаць. Сябры, гэта той самы выпадак, калі не быць знаёмым з творчасцю Пятра Васючэнкі – значыць, не ведаць сучасную беларускую літаратуру, у якой згаданы пісьменнік пакінуў яркі след. Дарэчы, ранейшае выданне “Прыгодаў паноў Кубліцкага і Заблоцкага” можна спытацца ў дзіцячай бібліятэцы.
Васіль АКСЁНАЎ. “МАЛАЯ ПРАЧЫСТАЯ”.
Апавяданні са зборніка адпраўляюць чытача ў амаль зачараваны свет далёкай сібірскай Ялані. “Зачараваны” менавіта атмасфернасцю мастацкага ўвасаблення. Дзеянне твораў часцяком не супадае ў часе, але апавяданні знітоўваюцца міжсобку скразнымі персанажамі і адным месцам дзеяння, дзякуючы чаму кніга набывае рысы адзінай аповесці, з якой не хочацца развітвацца, нават калі дасягнуў апошняй старонкі. Даволі прыемнае чытво для тых, хто шануе выдатны стыль мастацкай мовы, хто стаміўся ад засілля масавай літаратуры. Апавяданні створаныя яшчэ ў 80-я.
Стывен КІНГ. “ЧУЖЫНЕЦ”.
Аднойчы Стывен Кінг заявіў на ўвесь свет, што вельмі стаміўся ад творчасці і пісаць кнігі больш не будзе, маўляў, больш не можа, не стае моцы. Выдаўцы і фанаты разгулена затаіліся ў чаканні, пачуўшы гучнае заўленне… І з тае пары Стывен Кінг напісаў яшчэ кніжак з пятнаццаць, кожная на пяцьсот-семсот старонак.
Вось і зараз перад намі чарговы захапляльны раман ад прызнанага “караля жахаў”, хоць па-праўдзе асабіста я лічу гэтыя творы не столькі жахлівымі, колькі прасякнутымі тонкім псіхалагізмам. (Дарэчы, ацэнваць літаратурную вартасць цяжка яшчэ і таму, што не заўсёды трапляецца ўдалы пераклад, але ж…)
У парку невялікага горада Флінт-Сіці знойдзены труп. Усе ўлікі паказваюць на трэнера бейсбольнай каманды, выкладчыка англійскай мовы, узорнага мужа і бацьку дваіх дачок Тэры Мейтленда – няўжо ён здольны ўчыніць жорсткае забойства? Да таго ж у Тэры маецца неабвержанае алібі, на момант злачынства ён знаходзіўся ў іншым горадзе. Як такое магчыма? Або ў горадзе раптам завялося нешта, здольнае прымаць аблічча чалавека? За справу бяруцца дэтэктывы, поўныя намераў высветліць праўду.
Карацей, для аматараў жанру і менавіта творчасці Стывена Кінга. |