5 лютага адбылося чарговае пасяджэнне клуба экалагічных ведаў “Беразавічок” Багушэвіцкай сельскай бібліятэкі клуба ў фармаце інфармацыйнай гадзіны “Як вярнуць ваду балотам”. Такая тэма была абрана невыпадкова: 2 лютага азначаецца Міжнародны дзень водна-балотных угоддзяў, а 8 лютага – 100-годдзе з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Івана Мележа, аўтара рамана “Людзі на балоце”.
Аматары і абаронцы прыроды адправіліся ў цікавае падарожжа на балота, дзе іх сустрэла гаспадыня гэтых мясцін Кікімара. Рабятам прыйшлося ўзгадаць, як выглядае сама Кікімара і яе лепшыя сябры Балотнік, Аржавеннік і Багнік, успомніць прыказкі пра балота і растлумачыць іх сэнс, адказаць на пытанні літаратурнай віктарыны. Галоўнае пытанне, якое вырашалі ўдзельнікі пасяджэння – што такое “меліярацыя” і навошта ратаваць нашы балоты. Пасля відэапрагляда "Секрет фирмы: белорусские болота" рабяты вырашылі саставіць памятку, што можа зрабіць кожны, каб не толькі захаваць балоты, якія яшчэ не асушылі, але і вярнуць да жыцця асушаныя балоты. Вось што атрымалася: прыбірайце смецце, расказвайце ўсім пра важнасць балот, вывучайце балотныя расліны і жывёл, вандруйце на балотах (толькі абавязкова ў кампаніі), і галоўнае - не паліце торф! Торф – вельмі карысны выкапень, з якога можна рабіць шмат якасных рэчаў. А мы проста палім яго ў печках! Гэта вялікае глупства! Далучайцеся да ўдзельнікаў нашага клуба! Давайце берагчы нашу спадчыну разам!
|