12:31
Раённая газета пра нас

Сумна, сціпла, нудна? Не! Сёння яна па праве гучыць горда, весела, цікава! Сапраўды, быў час у масавай культуры, калі бібліятэка замацавалася ў вобразе ўстановы, дзе «цішыня павінна быць», куды заглядваюць у асноўным людзі пенсійнага ўзросту і просяць выдаць кнігі з пажоўклымі старонкамі.

Але зараз гэта самае ўпадабанае месца адпачынку, дзе моладзь крэатыўна вывучае гісторыю роднага краю, студэнты і школьнікі маюць магчымасць падрыхтавацца да сесіі і ўрокаў, а сталыя людзі - бавіць вольны час у кампаніі сяброў і знаёмых, прачытаць перыядычныя выданні. Тут ладзяцца прэзентацыі і праходзяць выстаўкі. Ніколі не заціхаюць дэбаты і творчыя конкурсы, кангрэсы і з’езды знаўцаў культуры кнігі. Ды і чытанне ў цэлым стала не анахранізмам, а прыкладам добрага густу і добрага выхавання. Так, сёння лічыцца прэстыжным чытаць добрыя кнігі і быць у курсе ўсіх бібліятэчных навінак.

Праўда, чытанне таксама закрануў наш інфармацыйны прагрэс, бо мы навучыліся чытаць кнігі з экранаў смартфонаў, асвоілі электронныя.

Чытаць і ведаць, што адбываецца ў свеце кніг, сёння стала трэндам. На кнігі збіраюць сродкі праз краўдфандынгавыя пляцоўкі, за творчасцю многіх пісьменнікаў сочыць шмат неабыякавых чытачоў, а пошукам каштоўных выданняў займаецца ўсё больш і больш актыўных маладых людзей.

Стыльна

Напярэдадні свята бібліятэк варта ўзгадаць, як мяняўся вобраз іх работнікаў. Дзякуючы кінематографу, ён атрымаўся даволі супярэчлівым. З экранаў на нас паглядала то асоба ў шаліку з “гуляй” на галаве ў вялізных акулярах, то прыгожая, сціплая абаяльная дзяўчына, пра шлюб з якой марыў кожны мужчына Савецкага Саюза. Аднак няўмольны прагрэс і тут нарабіў сваіх спраў.

На змену ім прыйшлі не менш начытаныя, тэхнічна адукаваныя і стыльныя бібліятэкары. Быць у трэндзе ім дапамагае не толькі вытанчаны літаратурны густ, але нават стыль адзення. Сёння ж кожны з нас можа данесці свае ўспрыманне і светапогляд праз вопратку, якую носіць.

І тут варта звярнуць увагу на загадчыцу аддзела абслугоўвання бярэзінскай раённай бібліятэкі Валянціну Яроцкую. Яна заўсёды стыльна і з густам апранута, не баіцца яркіх фарбаў, злучэнняў, ды і высокіх абцасаў. Ці выбірае яна кнігі для чытання так, як і свае ўборы?

– Сапраўды, сёння багата самых розных убораў на любы густ і кашалёк, – гаворыць жанчына, – я заўсёды цікаўлюся навінкамі моды, шукаю што-небудзь арыгінальнае, што будзе пасаваць майму настрою і фігуры. І мяне ніколькі не цікавіць, што гэту ж рэч могуць мець у сваім гардэробе астатнія. Я заўсёды знайду магчымасць па-іншаму падаць гэты ўбор. Прыкладна так, напэўна, кожны з нас выбірае і кнігу для чытання. Спачатку абавязкова даведаецца пра яе ў інтэрнэце, затым ацэніць знешне, пачытае некалькі радкоў з яе, і пераканаўшыся ў тым, што яна пасуе яму па настроі і зможа даць адказы на пэўныя пытанні, выбера выданне.

Арыгінальна

Дарэчы, пытанняў дагэтуль багата задае сама жанчына. Адно з іх – чаму яна выбрала шлях бібліятэкара, бо вучылася яна добра і магла без цяжкасцей паступіць у любую ВНУ. А Валянціна чамусьці на здзіўленне ўсім абрала бібліятэчны тэхнікум. Ды толькі чаго было здзіўляцца, калі яна з 1 класа гадзінамі сядзела ў бібліятэцы за кнігамі, а сярод усіх школьных прадметаў упадабала рускую літаратуру, якую цудоўна выкладала Часлава Махнач.

Яшчэ, калі яна была дзяўчынкай, у яе сфарміраваўся добры літаратурны густ. У той час, калі большасць яе равеснікаў захапляліся творамі на ваенную і рэалістычную тэматыку, яна зачытвалася раманам Льва Талстога “Ганна Карэніна”, па душы ёй быў і раман М. Мітчэл “Унесенные ветром”.

Горда

Такая пранікнёная любоў да чытання не толькі зрабіла яе добрым бібліятэкарам, але і дапамагла ёй знайсці свайго суджанага. Таму ўпадабаныя вершаваныя радкі персідскага паэта Амара Хаяма “и лучше будь один, чем вместе с кем попало» яна заўсёды вымаўляе з асаблівай інтанацыяй у голасе. Валянціна - шчаслівая жонка і маці двух ужо дарослых дзяцей, якія ганарацца сваёй матуляй.

І шчасліва!

– Сёння ў мностве літаратурных навінак лёгка разгубіцца, як і ў нашым віхурлівым жыцці, – гаворыць Валянціна Яроцкая. – Вось мяне дагэтуль цікавіць, як бы склаўся мой лёс без бібліятэкі? Я ж тут практычна правяла ўсё сваё жыццё і сёння імкнуся знайсці ключык да кожнага чытача, пастаянна вучуся чамусьці новаму і жадаю ім знайсці сваю любімую кнігу з адказамі на ўсе пытанні. Пошук гэты, як і любоў да чытання, бясконцыя, але ў іх кожны з нас можа адкрыць сябе людзям з іншага боку і быць па-сапраўднаму стыльным і сучасным.

Просмотров: 212 | Добавил: berezinolib
Всего комментариев: 1
avatar
1 likacrazy1991 • 14:08, 09.09.2022
roll
avatar