Самае значнае восеньскае свята ў жыцці беларускай вескі - Багач. Гэта апошні сноп жыта, які перавязвалі стужкай, гаварылі замову і ўрачыста, з песнямі і жартамі абыходзiлi ўсе хаты. Яго заносілі ў двор тым, каму жадалі багацця і шчасця. Багач, згодна з павер’ем, забяспечваў ніву жытам і прыносіў у хату дастатак і шчасце. Самы падыходзячы для гэтага свята час - дзень восеньскага раўнадзенства, або Малая Прачыстая — Ражаство Прасвятой Багародзіцы. Таму 22 верасня ў Багушэвіцкай сельскай бібліятэцы-клубе сабраліся ўдзельнікі клуба "Землякі", каб узрадзіць традыцыю нашых продкаў.
Фотаэкспазіцыя “Наш ураджай” і выстава-кірмаш “Велікан на градцы” прадставілі самыя незвычайныя экзэмпляры садавіны і гародніны. Вяскоўцы з задавальненнем дзяліліся насеннем, саджанцамі, вопытам вырошчвання, рэцэптамі. Радавала вока выстава кветак. Гучалі песні, вершы пра восень і, канешне, святочныя карагоды з традыцыйнымі замовамі. Завяршыла мерапрыемства частаванне чаем з пірагамі, блінамі і іншымі прысмакамі. |