Вялікая Айчынная вайна засталася далёка ў мінулым. Але памяць пра подзвігі тых, хто змагаўся за перамогу, жыве і сёння. Бярэзінцы, у тым ліку і бібліятэкары далучыліся да міжнароднай акцыі “У славу агульнай Перамогі!”.
У Беларусі акцыя “У славу агульнай Перамогі!” пачалася ў 2019 годзе. Далучыліся ўсе рэгіёны краіны, у тым ліку і наш раён. Яна складалася з некалькіх этапаў. Спачатку старшы-ні сельскіх Саветаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, школьнікі, моладзь, духавенства наведалі месцы пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, дзе зрабілі забор зямлі. У кожным сельскім Савеце каля аднаго з месцаў пахавання правялі мітынгрэквіем: малебен з удзе-
лам святара, затым – ускладанне кветак, а пасля — забор зямлі ў спецыяльныя льняныя мяшочкі.
На тэрыторыі Бярэзінскага сельскага Савета і горада Беразіно знаходзяцца 22 помнікі і воінскія пахаванні, у якіх знайшлі вечны спачынак 1738 воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія былі закатаваны нямецкімі акупантамі. У тым ліку жыхары вёсак Снуя і Баравіно, якія былі спалены разам з вёскай. На зямлі Багушэвіцкага сельскага Савета знаходзяцца 9 мемарыялаў і помнікаў, дзе пахаваны 63 воіны і партызаны. 21 помнік героям размешчаны на тэрыторыі Дзмітравіцкага сельскага Савета, дзе пахаваны 344 абаронцы і мірныя жыхары. У тым ліку, і помнік у вёсцы Краснае, дзе людзі былі спалены разам з вёскай. У зямлі Капланецкага сельскага Савета апошні прытулак знайшлі 815 воінаў, партызан і мірных жыхароў. Тут размешчаны 28 помнікаў і мемарыялаў. Прыцягвае ўвагу помнік жыхарам вёскі Уцешына, якія былі спалены разам з вёскай. На тэрыторыі Пагосцкага сельсавета — 19 помнікаў і пахаванняў, дзе знайшлі спакой 752 абаронцы Айчыны і мірныя жыхары.
6 помнікаў і мемарыялаў размяшчаюцца на тэрыторыі Паплаўскага сельскага Савета, дзе пахаваны 150 воінаў, партызан і мірных жыхароў.
Адзін з этапаў акцыі — урачыстая цырымонія – мітынг прайшоў у Беразіно каля помніка ў гарадскім скверы па вуліцы Кастрычніцкай. У ёй прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Сакалоўская, прадстаўнікі духавенства, моладзі, грамадскіх арганізацый. Зямлю з месцаў пахавання герояў змясцілі ў адну капсулу. Адбыўся агульны малебен, пасля якога протаіерэй Ілья Ганчарук асвяціў капсулу з зямлёй.
— Гэтая акцыя – сімвал памяці, павагі тых герояў, якія змагаліся за Перамогу, — зазначыла Галіна Сакалоўская. — У далейшым капсулу з зямлёй перададуць у Храм-Помнік у гонар Усіх Святых у горадзе Мінску для закладкі ў нішу крыпты, дзе днём і ноччу будзе ўзносіцца малітва за тых, хто праліваў кроў.
|