08:40
85-годдзе Мінскай вобласці: людзі і падзеі - Тамара Круталевіч.

Тамара Круталевіч. Каму з бярэзінцаў невядомая гэта прывабная і энергічная жанчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, вялікім артыстызмам і бясконцым творчым запалам?

Яна ж у нашым горадзе не толькі нязменны загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦБС, але і кіраўнік Бярэзінскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”, старшыня Каардынацыйнага Савета грамадскіх арганізацый і партый нашага раёна. На асабістым рахунку Тамары Мікалаеўны некалькі дзясяткаў розных творчых праектаў, сотні добрых спраў і ініцыятыў. Каб пералічыць іх усе, газетнага аркуша наўрад ці хопіць, як і не ўдасца дакладна падлічыць, колькі кніг прачытала гэта жанчына, колькім людзям рэальна дапамагла.

Энцыклапедычныя веды дае чытанне

 У гэтым Тамара Мікалаеўна цвёрда пераканана, і сёння, насуперак прагрэсу, аддае перавагу друкаванай кнізе.

– Колькі жыву – столькі і чытаю, – гаворыць яна пра сябе. – Паважаны культ кнігі быў у маіх бацькоў, і зараз беражліва захоўваецца ў маёй сям’і. Ды і што будзе галоўным у сям’і бібліятэкара з больш чым 40-гадовым працоўным стажам.

Уявіць сваё жыццё без добрай кнігі і пастаяннага чытання жанчына не можа. Каму хоць аднойчы давялося бачыць рукапісны сцэнарый мерапрыемства, падрыхтаванага Тамарай Мікалаеўнай, ведае яе шырокі кругагляд, выключную адукаванасць і асаблівае стаўленне да цытат. Выдатнае веданне літаратурнага матэрыялу – гэта асаблівы ключык для жанчыны ў наладжванні розных бібліятэчных спраў.

– Практычна ўсе балючыя праблемы грамадства знайшлі сваё ўвасабленне ў літаратурных творах, – лічыць яна. – Колькі напісана раманаў пра шкоду п‘янства і наркаманіі, насілля і гвалту ў сем’ях і сярод падлеткаў. Колькі ні пішы на цыгарэтах, што курэнне вядзе да хвароб, чалавек гэтага не ўсвядоміць. А вось, калі пачытае шчырую споведзь хворага на анкалогію курца, можа і задумацца.

“Культура правінцыяльнай не бывае”

Чытанне навучыла Тамару Мікалаеўну публічным выступленням у працоўных калектывах і навучыла культуры мовы. Няма роўных ёй у лектарскім майстэрстве-наладжванні дыялогу і імправізацыі, рэкламы і ўзаемадзеянні са слухачамі. Яна арганізоўвае майстар-класы на раённых і абласных семінарах культработнікаў, краязнаўчыя лекторыі на калёсах для дэлегацый і гасцей раёна. Ды і надзейна замацавала Тамара Круталевіч сваімі праектамі за бібліятэкай імідж вядучай установы культуры, якая дзейнічае па прынцыпе “Культура правінцыяльнай не бывае”.

Жанчына павінна быць актыўнай

Тамара Мікалаеўна свой узрост не ўтойвае. Ён у яе пенсійны. Але ці знойдуцца ў нашым раёне жанчыны з такім творчым гарэннем, выключным артыстызмам і з кіпучай энергіяй? Думаю, не! Сакрэт гэтага ў высокай грамадзянскай актыўнасці і прыязні да людзей. Часу і сіл у жанчыны хапае, каб быць заснавальнікам клуба дзелавых жанчын, біржы ўзаемадапамогі, лаўкі бясплатных тавараў і школы аптымізму для землякоў, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя абставіны, закладваць алеі імянных дрэўцаў у скверах і лаўкі прымірэння.

– Вы ведаеце, гэта раней дзейнасць жанчын абмяжоўвалася толькі выхаваннем дзяцей і бясконцымі хатнімі справамі, – гаворыць яна. – Сучасная жанчына больш актыўная і амбіцыйная, ёй па сілах весці бізнес, выступаць з ініцыятывай, займацца дабрачыннасцю і валанцёрствам.

Сама Тамара Мікалаеўна –наглядны прыклад у гэтым для бярэзінскіх жанчын. Яна ж шмат гадоў жыве ў любові і згодзе са сваім мужам, матуля і бабуля, выдатная гаспадыня.

– Мая сям’я – вось мая крыніца творчасці, сіл і натхнення, – гаворыць жанчына. – Усе яе члены, як і я, улюбёны ў кнігу і дагэтуль ёй не здраджваюць. Ды і падтрымліваюць мяне ва ўсіх пачынаннях.

Галоўнае – выхаваць патрыёта

Высокі прафесіяналізм, персанальная адказнасць і актыўная жыццёвая пазіцыя робяць гэту жанчыну патрыётам сваёй Радзімы. Гэты гучны тытул яна пацвярджае наладжваннем краязнаўчай работы

– Гэта – лепшая форма патрыятызму, духоўны рухавік для станаўлення сапраўднага патрыёта, – разважае Тамара Мікалаеўна. – Важна надаць моладзі патрыятычны штуршок – не загадваць любіць Радзіму, а далікатна падштурхоўваць да захаплення сваёй гісторыяй. Каб любіць свой край, — трэба яго ведаць. Як аўтар праекта «Краязнаўчы лекторый на колах», лічу, што такія веды сучаснікам патрэбны, бо яны – багацце гістарычнай памяці народа.

Таму яна лічыць важным з маленства выхоўваць адукаваных, улюбёных у Бацькаўшчыну людзей. Сёння дзецям не хапае ведаў пра сваю Радзіму. Патрэбна, каб у школах вялася належная адукацыя, каб урокі гісторыі не абмяжоўваліся агульнай гісторыяй. Таму Тамара Круталевіч актыўна выступае за рэгіянальныя краязнаўча-асветніцкія праграмы.

Гэта яна зрабіла правілам праводзіць агітацыйна-прапагандысцкія акцыі-мерапрыемствы не шаблонна, не эпізадычна, а з арыенцірам на канкрэтныя справы на карысць малой радзімы. Сведчанне таму – знакавы праект бярэзінскіх бібліятэкараў «70 патрыятычных спраў».

– Мне бачыцца важным выкрасліць з практыкі прэсныя, невыразныя мерапрыемствы, – падкрэслівае яна, – акцыі, ад якіх нулявая карысць для нацыянальнага інтарэсу, – марная трата часу, намаганняў, сродкаў. Яны хутка сціраюцца з памяці, не кранаюць розум і сэрца. Важна адаптаваць мерапрыемствы да ўспрымання сучаснікаў і таленавіта падаваць іх у нечаканай інтэрпрэтацыі, каб дапамагчы сучаснікам убачыць землякоў не манументальна ўзнёслымі на п’едэстал, а простымі, блізкімі, зразумелымі – у багацці цікавых звестак, падзей і здзяйсненняў.

І тут словы жанчыны не разыходзяцца са справамі. Сведчанне таму – бібліятэчныя праекты: «Гісторыя раёна ў суквецці дат і імёнаў», «Горад помніць нас маладымі», «Святло знаёмай зоркі». Яны выклікалі вялікі інтарэс у бярэзінцаў і яшчэ раз пераканалі ў выключным творчым таленце і высокім прафесіяналізме Тамары Круталевіч.

Просмотров: 213 | Добавил: berezinolib | Теги: Березинская центральная районная би
Всего комментариев: 0
avatar