11:55
Беразіно – горад узорных сем’яў

520-годдзю райцэнтра Беразіно і Тыдню сям’і наш горад адсалютаваў   22 мая гарадскім злётам-форумам “Здаровыя сем’і – залаты фонд горада”. Мерапрыемства, ініцыяванае Бярэзінскай раённай бібліятэкай, стала творчым плёнам садружнасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і прафсаюзаў.            Працоўнымі калектывымі горада былі намінаваны на форум 16 узорных сем’яў. Кожная  5-я сям’я – шматдзетная, у тым ліку 1 – з двойняй, 1 – пераможца раённага конкурсу “Уладар сяла”. Члены сем’яў працуюць у 22 установах, 4 сямейныя пары – у адным працоўным калектыве (раённая бальніца, аўтапарк, райгаз, ЖКГ).   Працоўная сфера членаў прадстаўнічых сем’яў  самая разнастайная: адукацыя, медыцына, дарожная   і пажарная службы, міліцыя, служба газазабеспячэння, бытавое абслугоўванне, лясная і сельская гаспадарка, вытворчасць сыра, прадпрымальніцтва… Гонар горада – працоўная дынастыя Букатых-Самец (ЖКГ), спартыўна-настаўніцкая дынастыя Міхалёвых, афіцэрская сям’я Васільковых, сям’я ўрачоў Чамбровічаў, культработнікаў Барысёнкаў, работнікаў аўтапарка Асташонкаў, сямейная пара ветэранаў педагагічнай працы Слабко. Мужчынскае прадстаўніцтва ўзорных бярэзінскіх сем’яў: 3 галоўныя інжынеры, ганаровы дарожнік, капітан крымінальнага вышуку, дырэктар закрытага акцыянернага таварыства, спартыўны трэнер, камандзір пажарна-аварыйнага выратавальнага паста, ляснік, супрацоўнік банка, аператар камп’ютарнай музыкі, урач. Жаночая палова ўдзельнікаў семейнага форуму: прапаршчык унутранай службы, бізнес-ледзі, швяя, балетмайстар, пашпартыстка, інспектар па кадрах, настаўніца, мастак-афарміцель  і кераміст, афтальмолаг… Юбілеі сумеснага сямейнага жыцця: ад брыльянтава-аквамарынавага - да сацінавага.  45-гадовая сапфіравая  дата на сямейным календары ў Мельнікаў,      40-гадовая рубінавая – у Міхалёвых,   30-гадовая жамчужная – у  Букатых-Самец,                 25-гадовая сярэбраная –  у Алейнікавых.

    На свяце сваеасаблівым тронам  для ганаровых сямейных параў стала рамантычная лавачка, што дазволіла вывесці іх на арбіту ўсенароднага прызнання, убачыць у поўным харастве і адметнасці, пазнаёміцца бліжэй. На фоне відэапаказа фотаздымкаў з сямейных архіваў ажылі кранальныя гісторыі кожнай намінаванай сям’і,  цікавыя факты знаёмстваў. Кагосьці звяла інстытуцкая агітбрыгада, школьная дыскатэка, свята Купалле,  вясковая ферма, куды прыходзілі дапамагаць  матулям, аздараўленчы лагер, суседняя вуліца… Аляксандру і Вользе Алейнікавым лёс шматразова падкідваў намёкі і падказкі,  пасылаў знакі, каб на 5-ты раз з’яднаць дзве палавінкі ў адно цэлае. Вяселле Віталя і Лідзіі Васільковых адбылося ў 20-гадовы дзень нараджэння нявесты. Гучную рэкламу на свяце атрымалі сямейныя традыцыі  бярэзінцаў: 50–кіламетровыя велапрабегі (сям’я Аўсянскіх), культурныя дэсанты ў тэатр (сям’я Мельнікаў), пасадка дрэўцаў у гонар сыноў (сям’я Вайцяховічаў),  удзел у злётах байкераў (сям’я Васільковых), першае дзіцячае адзенне, пашытае самой матуляй-бабуляй (сем’я Алейнікавых), сямейнае маляванне (сям’я Чэбан), наведванне нядзельнай службы ў царкве (сям’я Барысёнкаў), рыбалка (сям’я Асташонкаў), дарэнне жонцы караляў з сушаных грыбоў і рабіны (сям’я Цітаўцоў).

Музычныя кампазіцыі на саксафоне і пад гітару, фотавернісаж вясельных фотаздымкаў,  падарункі і віншаванні ад прафкамаў арганізацый, дзе працуюць сямейнікі, раённых арганізацый работнікаў АПК, адукацыі, культуры, аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” надалі форуму ўзнёсла-урачысты і памятна-прыемны тон.

Просмотров: 224 | Добавил: berezinolib | Теги: бярэзінская бібліятэка
Всего комментариев: 0
avatar