11:43
Калгаснай эпохі маякі


Ветэраны працы – спадчынны набытак грамадства, энцыклапедыя вопыту, інтэлектуальны патэнцыял, духоўны камертон для маладых пераемнікаў.
Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі цэнтральная бібліятэка і прафкам работнікаў АПК ініцыявалі статус-акцыю “Землякі – калгаснай эпохі маякі”. У фармаце сустрэчы пакаленняў у раённым цэнтры культуры 14 лістапада адбылося мерапрыемства з запрашэннем прадстаўнікоў ветэранскага корпуса бярэзінскіх аграрыяў і маладых кіраўнікоў сельскіх гаспадарак раёна.
Старшыня раённага савета ветэранаў М.С. Абазовік у прывітальным выступленні гаварыў аб значным укладзе ветеранаў сельскагаспадарчай галіны ў росквіт Бярэзінскага раёна, вернасці служэнню абранай справе і актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Старшыня прафкама работнікаў АПК Каўзуновіч М.А. адрасавала шаноўным землякам словы ўдзячнасці, самадзейныя артысты падарылі пранікнёныя песні, а работнікі раённай бібліятэкі прадставілі вечарыну-прысвячэнне самаму знанаму аграрыю Бярэзіншчыны Рэуту Гвідону Іосіфавічу – старшыні калгаса “Ленінскія дні” з 30-гадовым стажам кіравання, кавалеру ордэнаў Леніна, Знак Пашаны, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Слайд-прэзентацыя “Зорны старшыня” на аснове рэдкіх архіўных фотаматэрыялаў ажывіла самыя яркія эпізоды біяграфіі і дазволіла прачытаць Кнігу жыцця ўраджэнца в. Лысуха Бярэзінскага раёна, выхадца з мнагадзетнай сялянскай сям’і, выпускніка Смілавіцкага сельгастэхнікума, партызана і франтавіка, ардэнаноснага кіраўніка. Стварыць духоўны партрэт земляка і партрэт часу, у якім яму давялося жыць і працаваць, дапамаглі ўспаміны былога старшыні калгаса “Гвардзеец” І.І. Кутаса, маладога брыгадзіра калгаса “Ленінскія дні” А. І. Гурэцкага і галоўнага інжэнера І. Р. Жукоўскага. Ля мікрафона шчырасці “Слова пра старшыню і сябра” выступілі ветэран калгаснага жыцця, старшыня калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС М.Е. Макаранка і прадстаўнік бярэзінскай інтэлігенцыі М.Н. Карканіца, якога звязвала больш чым 40-гадовае сяброўства з Рэутам. Іх успаміны з сутонняў памяці з цёплымі настальгічнымі дэталямі-эпізодамі дазволілі сучаснікам убачыць вобраз Г.І. Рэута не ў залачонай рамцы, на манументальным п’едэстале, а сціплага працаўніка, добрага сем’яніна, надзейнага сябра і паплечніка сходных падыходаў да справы і адказнай місіі кіраўніка з адной прывілегіяй – служыць людзям.
Вечарына паклала пачатак серыі мерапрыемстваў Года малой радзімы на Бярэзіншчыне, прысвечаных лепшым людзям сельскагаспадарчай вытворчасці раёна.

Просмотров: 394 | Добавил: isemaschko | Теги: Вечар-прысвячэнне
Всего комментариев: 0
avatar