17:46
Літаратурная арт-гасцёўня

Чарговую дапытлівасць у спазнанні роднага краю праявілі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей ТЦСАН, актывісты клуба “Краявед”. Разнастаіць культурнае жыццё, узбагаціць веды пра слынных землякоў з кагорты таленавітых ім дазволіла арт-гасцёўня “Літаратурныя галасы Бярэзіншчыны”, зладжаная супрацоўнікамі Бярэзінскай раённай бібліятэкі. У яркай мастацкай інтэрпрэтацыі была прадстаўлена галерэя бярэзінскіх літаратараў у шматгалоссі іх творчасці і адметнасці творчага почырку аўтараў. Каларытныя абліччы мясцовых пісьменнікаў сталі вобразна бачнымі і пачуццёва адчувальнымі, дзякуючы спалучэнню краязнаўства і тэатралізацыі. Найперш, слухачам было прадстаўлена рэйтынг-дасье “Хто ёсць хто сярод бярэзінскіх літаратараў”, агучаны прозвішчы землякоў, якія не саступаюць па папулярнасці знакамітым пісьменнікам і з’яўляюцца іх літаратурнымі пабрацімамі. Сярод іх: “бярэзінскі Быкаў” – пісьменнік-франтавік Рыгор Няхай, “бярэзінскі Прышвін” – пісьменнік-натураліст Рыгор Ігнаценка, “бярэзінскі Макаёнак” – камедыёграф Міхась Скрыпка, “бярэзінскі Крапіва” – байкапісец Ігнат Сабчук, “бярэзінскі Ян Баршчэўскі” – прыхільнік жанра фэнтэзі Алесь Бычкоўскі. Прадставіць адметнасць пісьменніцкага майстэрства бярэзінскіх пісьменнікаў дапамагла монатэатралізацыя. Ажылі сюжэты апавяданняў “Вяргіня і гладыёлус” уладальніка прэміі “Залаты Купідон” Я. Хвалея, “Апошняе прызнанне” аўтара “Правінцыйных казак” А. Бычкоўскага, “Чаканне” і “Цукеркі” старшыні Мінскага абласнога Саюза пісьменнікаў (былога настаўніка Бярэзінскага раёна) М. Пазнякова. Асаблівую цікавасць выклікалі “жывыя эпізоды” з аўтабіяграфічных аповесцяў “Жизнь как река» Алы Саскавец - уладальніцы прэміі “Сярэбранае пяро” у намінацыі “Драматургія”, “Горкую лілею закашу” Святланы Лобач – кандыдата філалагічных навук. Іх творы адлюстравалі падзеі 40-60-ых у краіне і ў нашым раёне. Арт-цыкл “Прысвячэнні землякам” пазнаёміў з творамі мясцовых пісьменнікаў, у якіх апеты слынныя на Бярэзіншчыне асобы. Гэта “Балада пра партызанку Марыю Рамановіч” Івана Маркевіча, паэма Гертруды Шчур “Сонечны пэндзаль” і раман-эсе Яўгена Хвалея “Серабрыстыя таполі”, прысвечаныя мастаку сусветнай вядомасці Валенцію Ваньковічу. Цікавыя, нават містычныя факты творчасці, сямейнага і свецкага жыцця Ваньковіча ў Беларусі, Пецярбурзе і Еўропе прадставіў імправізаваны маналог яго спадарожніцы жыцця Ангелы “Быць жонкай мастака – мастацтва”, які падрыхтаваў тэатр аднаго акцёра раённай бібліятэкі.
Удзельнікі арт-гасцёўні адзначылі высокі пазнавальна-краязнаўчы рэйтынг мерапрыемства, якое дазволіла даведацца пра знаёмую-незнаёмую культурную спадчыну роднага краю, пашырыць успрыняцце творчасці бярэзінскіх пісьменнікаў.

Просмотров: 220 | Добавил: Natali08121966
Всего комментариев: 0
avatar