15:26
НА ПАЛОТНАХ - КРАЯВІДЫ РАДЗІМЫ


Віктар Анатольевіч Колас нарадзіўся 2 студзеня 1954 г. у маленькай маляўнічай вёсачцы Барсукі Бярэзінскага раёна. Вучыўся ў Замастоцкай пачатковай школе. Маляваць пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Яго натхнялі творы мастакоў - класікаў ХІХ стагоддзя. Стараўся пісаць жывапіс у кожны свабодны ад працы час.
В.Колас – гэта творчы чалавек. Хаця дыплома аб спецыяльнай мастацкай адукацыі ў яго няма і жывапісу ён нідзе не вучыўся.
Упершыню пра В.Коласа як пра мастака пісала А.Громава ў 2003 годзе, калі раённая газета называлася яшчэ “Сцяг Леніна”, а самабытны мастак жыў у горадзе Беразіно. Любоў да роднай зямлі, да розных куточкаў Бярэзіншчыны натхняла В.Коласа на стварэнне многіх маляўнічых карцін. Але ўзніклі сур’ёзныя жыццёвыя праблемы, і было прынята рашэнне паехаць з сям’ёй у эміграцыю. З 2004 г. мастак жыве і працуе ў Чыкага.
У 2016 г. выдавецтвам “Кнігазбор” быў надрукаваны альбом аўтара “Родны край ў памяці мастака”. На карцінах В.Коласа адлюстраваны рака Бярэзіна, дуброва, вербы ля ракі каля в. Святліца і многія іншыя краявіды Бярэзіншчыны. Многія карціны мастака суправаджаюцца вершамі таксама былога жыхара г. Беразіно Рамана Чарапахі. Большасць твораў В.Коласа – гэта пейзажы і нацюрморты.
Неаднойчы ў Чыкага наладжваліся выставы карцін, якія збіралі шмат наведвальнікаў і прыхільнікаў яго творчасці. За акіянам В.Колас вядомая асоба. Работы аўтара – у вядучых галерэях. Зрэшты, Беларусь – асноўная тэма творчасці В.Коласа. І што характэрна яна вельмі запатрабаваная ў заакіянскіх аматараў мастацтва.
У 2017 годзе Віктар Колас пабываў у Беразіно і перадаў для будучага музея Бярэзіншчыны у дар карціны і рэпрадукцыі з выявай горада Беразіно і мясцовых краявідаў. Таксама папоўніся фонд матэрыяламі, звязанымі з творчай дзейнасцю мастака, сярод якіх альбом “Родны край у памяці мастака” з уласным аўтографам і пажаданнямі бярэзінцам. Бярэзінскай рённай бібліятэцы мастак дараваў фотарэпрадукцыі пейзажаў тых мясцін, дзе нарадзіўся. Выстава фотарэпрадукцый карцін В.Коласа была аформлена ў фае раённага цэнтра культуры, з якой маглі пазнаёміцца чытачы дзіцячай і дарослай бібліятэк г. Беразіно.

Просмотров: 354 | Добавил: Natali08121966
Всего комментариев: 0
avatar