16:27
Памяць: Бярэзінскі раён


15-годдзе гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць: Бярэзінскі раён” – падзея ў сёлетні Год малой радзімы і 95-годдзя раёна. З гэтай нагоды 27 сакавіка ў Бярэзінскай раённай бібліятэцы на краязнаўчы форум сабралася мясцовая інтэлігенцыя, ідэолагі, ветэраны, моладзь, прафсаюзны актыў.
Вартасць мемарыяльнай энцыклапедыі раёна і яе асноўнага ўкладальніка П.А. Прыбыткіна адзначыў былы член рэдакцыйнай камісіі па стварэнні хронікі і рэдактар раённай газеты, дасведчаны ў краязнаўстве А. Палынскі. Бібліятэкары прапанавалі экскурс па старонках выдання з адлюстраваннем асноўных падзей, якія адбіліся на лёсах землякоў. Дэманстраваліся матэрыялы з архіваў землякоў і напрацоўкі бібліятэчных краязнаўчых экспедыцый. Пад агульным лейтматывам “Мільёны лёсаў у адным” гучалі малавядомыя факты з біяграфій георгіеўскіх кавалераў, ахвяр сталінскіх рэпрэсій, сведак спаленых бярэзінскіх вёсак, выгнаннікаў на прымусовыя работы ў Германію, герояў-партызан і франтавікоў. Бенефіс-партрэты землякоў дапоўніла выступленне настаяцеля храма Святога Георгія Пабеданосца а/г Сяліба айца Аляксея аб лёсе рэпрэсіраванага святара
Л. Біруковіча, у гонар якога названа вуліца Беразіно.
Прыемным сюрпрызам для бярэзінцаў сталі імёны землякоў, прадстаўленыя на старонках кніг “Памяць” барысаўскага і пухавіцкага раёнаў – заслужаных работнікаў, ардэнаносцаў і лаўрэатаў прэмій Гайдука А. П., Лазеркі М.А., Жукоўскага У.Ф. Бярэзінскі фалькларыст Р. Яраш выканаў гімн “Магутны Божа” на музыку земляка, кампазітара сусветнай вядомасці Міколы Равенскага. Самадзейны артыст М. Міхайлоўскі парадаваў прысутных гімнам горада Беразіно і аўтарскай песняй-прысвячэннем рацэ Бярэзіне. Краязнаўцу І.Л. Жукоўскаму была прысвечана трыбуна гонару і ўдзячнасці “Даследчык малой радзімы”. Мерапрыемства стала чарговай краязнаўчай прыступкай юбілейнага праекта Бярэзінскай раённай бібліятэкі “Гісторыя раёна ў суквецці дат і імёнаў”.

Просмотров: 613 | Добавил: isemaschko | Теги: Краязнаўчы форум
Всего комментариев: 1
avatar
1 Natali08121966 • 16:30, 27.03.2019
ОК.
avatar