12:06
Пехатой у гісторыю

У гісторыі нашага слаўнага горада на рацэ Бярэзіне шмат цікавых падзей, захапляльных сюжэтаў, неардынарных людзей, знакавых лёсаў. З нагоды 520-годдзя Беразіно надзвычай запатрабавана  інфармацыя пра гісторыю райцэнтра  і паслугі бібліятэчнага экскурсійна-даведачнага бюро.    4 ліпеня бібліятэкары-краязнаўцы прапанавалі пешую экскурсію па гораду юным бярэзінцам  з ліку навучэнцаў Бярэзінскай гімназіі з лейтматыўным заклічам “Зірні на горад зацікаўленымі вачыма”. Збор-старт адбыўся ў знакавым для райцэнтра месцы, каля скульптуры Ліса. Рабяты запалілі “светлячкі пазнання”, праслухалі інфармацыю “Ліс на гербе горада”, “Адкуль у горада назва”,  “Шчаслівая лічба ў летапісе мястэчка - гарадскога пасёлка - горада”,. Пешы экскурс па вуліцах Перамогі – Кастрычніцкай – Камсамольскай – Інтэрнацыянальнай дазволіў рабятам пазнаёміцца з паходжаннем іх назваў, з выдатнасцямі горада: помнікамі гісторыі  і архітэктуры, будынкамі – сведкамі гістарычных падзей і біяграфій слынных нараджэнцаў Беразіно (доктара гістарычных навук  Эмануіла  Іофэ, заслужанага артыста Беларусі Барыса Барысёнка, дырэктара  танкавага завода Яфіма Рубінчыка, купца рускай рэвалюцыі Аляксандра Парвуса, уладальнікаў сядзібы і вінакурнага завода графаў Патоцкіх.      Гераічна-трагічныя старонкі мястэчка ў час нямецка-фашысцкай акупацыі ажылі каля помнікаў у гарадскім скверы героям вайны, закатаваным падпольшчыкам, ахвярам расправы над яўрэйскім насельніцтвам у Бярэзінскім гета. Экскурсія разбудзіла пазнавальную цікаўнасць і дапытлівасць  юных сучаснікаў, дала ім мажлівасць  адчуць, якая вялікая і багатая гісторыя мястэчка, дзе знітавана мінулае і сучаснае.   

Просмотров: 227 | Добавил: berezinolib | Теги: бярэзінская бібліятэка
Всего комментариев: 0
avatar