11:03
Спатканне з камсамольскай маладосцю

 Праект Бярэзінска раённай бібліятэкі “Гісторыя раёна ў суквецці дат і імёнаў” усё трохгоддзе пад знакам Малой радзімы прапаноўваў землякам цыкл вечарын-прысвячэнняў, збіраў аншлагі наведвальнікаў рознаўзроставай катэгорыі і роду дзейнасці. 

Да 100-годдзя камсамола Беларусі была прымеркавана вечарына “Камсамол Бярэзіншчыны ў тварах і справах”. На спатканне з камсамольскай маладосцю былі запрошаны ветэраны і актывісты камсамольскага руху раёна, ідэалагічныя работнікі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Краязнаўча-дасведчаны эмацыянальны фармат мерапрыемства дазволіў выразіць не плакатна і не шаблонна, без залішняй пафаснасці “код” камсамольскай эпохі ў шматгалоссі лёсаў землякоў, прадставіць гістарычныя падзеі ў канкрэтных, жывых, наглядна-пачуццёвых вобразах. Праз відэапрэзентацыю архіўных матэрыялаў і ўспаміны былых камсамольцаў ажыла гісторыя камсамола Бярэзіншчыны, поўная дакументальнай асновы. Пачынаючы з вытокаў станаўлення камсамола ў мястэчку Беразіно Ігуменскага павету (7 ліпеня 1920г.), на яскравых прыкладах лёсаў камсамольцаў 20-30-гадоў удалося паказаць, як іх добрыя справы ўздымалі аўтарытэт камсамола. Ужо праз месяц пасля пачатку вайны на тэрыторыі раёна дзейнічаў Бярэзінскі падпольны райкам камсамола, 180 камсамольцаў узнагароджаны ордэнамі, звыш 800 – медалямі. Сярод адзінкавых партызанскіх сувязных, адзначаных медалём “За адвагу” – вядомая ў раёне піянерважатая з паўвекавым стажам Лізавета Шугалей.

50-60-ыя гады назвалі герояў камсамольскіх будоўляў. Цікавыя факты гераічнай эпапеі асваення цаліны распавёў Сцяпан Каленцыёнак. Казахска-расійскі азімут у хлопца з вёскі Дзевяніца Васіля Ермаловіча, удзельніка Усесаюзнай камсамольскай будоўлі ў Кустанайскай вобласці. Камсамольская героіку БАМа праілюстравала біяграфія Сяргея Валахановіча. З гонарам на вечарыне ўзгадваліся імёны лаўрэатаў прэміі Ленінскага камсамола акушэркі Лешніцкага ФАПа Ларысы Цішкевіч і дырэктара Дулебскай школы Мікалая Грудзінскага, а таксама ўладальніцы Усесаюзнага прыза П. Ангелінай - механізатара саўгаса “Камунар” Таццяны Захожай. Памятныя эпізоды фестывалю моладзі і студэнтаў у Мінску (1957), Усесаюзных фестываляў у Маскве і Украіне (50-60-ыя), ХІІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве (1985), Пленума ў гонар 40-годдзя камсамола Малдовы (1965), злёту моладзі СССР-ГДР (1980) яскрава прадсталі паводле ўспамінаў трактарыста Васіля Гайдука, настаўніц Ады Слабко і Ліліі Казырка, сакратара камсамольскай арганізацыі райпрамкамбіната Марыны Птушко (Мурач), інструктара Мінскага гарадскога камітэта камсамола, члена штаба студэнцкіх атрадаў г. Мінска Мікалая Грынкевіча. Уплыў школьнага камсамола на фарміраванне лідарскіх задаткаў трапна паказалі старонкі біяграфій Надзеі Жукоўскай (Мельнік) і Людзмілы Корбут. Рамантыку студатрадаў за тысячу кіламетраў ад Беларусі – у Запаляр’і, на Урале і Алтае спазналі студэнты БПІ Віктар Лашкоўскі і Эдуард Вернікоўскі, навучэнец архітэктурна-будаўнічага тэхнікума Ігар Жукоўскі.  На вечарыне беражліва гартаўся ганаровы імёнаслоў першых сакратароў райкама камсамола, якія працавалі на камсамольскай ніве з асаблівай адказнасцю і асаблівай прывілеяй: быць першымі сярод роўных і супалі ў рэестры камсамольскіх будняў з другімі і трэцімі сакратарамі. Фарміраванню камсамольска-лідарскага актыву спрыяла, паводле сведчання 2-га сакратара райкама Белезяк Т.Р., прадуманая работа з кадрамі: трохдзённая вучоба ў Доме палітасветы ў Мінску, лагеры камсамольскага актыву, рэспубліканскія “Зорныя паходы”, Усесаюзны камсамольска-маладзёжны лагер “Спутнік” у Сочы. Камсамольскія важкія ўзносы ў грамадска-культурнае жыццё райцэнтра: маладзёжны тэатр, інтэлектуальныя гульні “Што? Дзе? Калі?”, маладзёжнае кафэ, клубы прыхільнікаў паэзіі, воінаў-інтэрнацыяналістаў, маладых жывёлаводаў і маладых сем’яў, творчае аб’яднанне маладых педагогаў, маладзёжныя фестывалі песні і творчыя абмены з моладдзю горада-пабраціма Клін Маскоўскай вобласці, турніры рыцараў, конкурсы “Ану, дзяўчаты!” і “Лідар года”, агеньчыкі і камсамольскія вяселлі. Апраўдалі выдадзены камсамолам вексель даверу былыя камсамольскія важакі, цяперашнія кіраўнікі і аўтарытэтныя асобы В.В. Лашкоўскі, У.М. Абрамовіч, Г.Р. Калінка. “Камсамол і партыя – два крылы грамадства”, - гэта думка прагучала ў выступленні актывіста раённай арганізацыі камуністаў, былога кіраўніка партыйнай і адміністратыўнай структур А.М.Зябко. Старшыня раённай арганізацыі камуністаў В.В. Калячка ўручыла 1-аму сакратару Бярэзінскага райкама камсамола 80-пач.90-ыхгг. Ірыне Асьмаковай памятны падарунак. Выстава камсамольскай атрыбутыкі, фотаздымкі камсамольскай маладосці, песні пад гітару Мікалая Міхайлоўскага дэкламаванне вершаў камсамольскага паэта Э. Асадава надавалі вечарыне бадзёры эмацыянальны тонус. Героі аповедаў атрымалі чырвоныя гваздзікі – сімвал камсамольскай героікі і рамантыкі.Сустрэча выклікала пачуцці духоўнай блізкасці, салідарнасці і адзінства, светлыя настальгічныя ўспаміны. 

        

 

Просмотров: 290 | Добавил: berezinolib | Теги: Центральная библиотека
Всего комментариев: 0
avatar