09:17
Вялікай радзімы не бывае без малой!

У сёлетні юбілейны для раёна год 95-годдзя, на Бярэзіншчыне асабліва запатрабаваны бібліятэчны праект “Краязнаўчы лекторый на колах” з цыклам экскурсій па мясцінах, дзе знітаваны сучаснасць і мінулае. З краязнаўчай дапытлівасцю адпраўляюцца ў вандроўкі і моладзь, і людзі сталага ўзросту. Дарога дадае эмоцыі і ўражанні. Удзячных слухачоў вабіць не саматужна-навуковы фармат экскурсій, а жывыя словы пра родны край.

Восеньскі сезон адкрыла экскурсія па гораду актывістаў аддзялення дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту ТЦСАН. Землякі потым у адзін голас прызнаваліся: “Жывём усё жыццё у адным горадзе, ходзім па адных і тых жа вуліцах і не здагадваемся, якая вялікая, шматаблічная і багатая гісторыя ў райцэнтра, на жаль слаба пазначаная мемарыяльнымі знакамі ў тых кропках, дзе вяршыліся лёсы горада і яго жыхароў”.

У гэту субботу чарговую вандроўку па раёну здзейснілі члены клуба ветэранаў педагагічнай працы “Сустрэча” з жаданнем і ўменнем адкрываць новае ў тым, што побач. Аб’ектам увагі быў абраны паплаўска-багушэвіцкі маршрут. Дарогі ткаліся ў экспедыцыйным абыдзённіку непаўторнымі показкамі – арыгінальнымі гісторыямі, цікавымі фактамі і паданнямі. Ажылі адметнасці аграгарадка Паплавы, вёскі Неганічы (адной са старэйшых у раёне, 1392г., цэнтра с/савета ў 20-50-ыя гады), вёсак Новіны, Падваложка, Гарадзішча (дзе ў адной сям’і Прашковічаў нарадзіліся 2 кандыдаты філалагічных навук), Перавоз (месца нараджэння генерала М. Маслоўскага і віцэ-адмірала М. Торыка, Героя Савецкага Саюза С. Аляшкевіча ), Божын (вернутае імя вёскі намаганнямі жыхара Адама Папругі), зніклай вёскі Рачыборак, якая падарыла свету пісьменніка Я. Курто, вёскі Чыжаха з памятным знакам “Цэнтр Еўропы”, вёскі Якшыцы з кацярынінскім трактам (высаджанымі паўз дарогі бярозкамі ў гонар імператрыцы Кацярыны ІІ у канцы 1760 года).

Першым прыпынкам экскурсійнага аўтобуса стаў аграгарадок Багушэвічы – былое мястэчка, равеснік Беразіно, нават больш папулярны і вядомы ў Еўропе ў ХVІІ- ХVІІІ ст.ст., дзе да вайны жыло 2 тыс. чалавек. Наведванне Рымска-каталіцкага касцёла – гістарычнага помніка і сведкі летапісу багацейшых ва ўсёй акрузе паноў Свентаржэцкіх і паўстання польскага магнацтва на Ігуменшчыне 1863 года прайшло ў суправаджэнні мясцовай жыхаркі, патрыёткі малой радзімы і роднай мовы Т. І. Воюш.

Потым будзе хата краязнаўцы П. А. Прыбыткіна і заснаваны ім гісторыка-краязнаўчы музей мясцовай школы, што стала нагодай для размовы пра слынных нараджэнцаў мястэчка – генерал-лейтэнанта, начальніка ўпраўлення Міністэрства абароны СССР Кірыла Каваленку, міністра аховы здароўя БССР, заслужанага ўрача Беларусі Міхаіла Кавалёнка, доктара медыцынскіх навук Лідзію Ламака, народнага артыста Беларусі Валянціна Белахвосціка і прадаўжальнікаў сямейнай тэатральнай дынастыі – дачку Зою Белахвосцік і ўнучку Валянціну Гарцуеву. Візіт у экалагічны музей школы стаў нагодай для размовы пра Багушэвіцкае лясніцтва (1938г.), ля помніка першаму камсамольцу раёна М. Рыбачонку ажылі старонкі камсамольскага жыцця мястэчка.

Нельга жыць, адгарадзіўшыся ад мінуўшчыны! Гэта выслоўе землякі ўзгадалі пры наведванні вясковага Дыснейленда ў вёсцы Вінорава Міхаіла Драгуна, які заснаваў на бацькоўскім падвор’і музей пад адкрытым небам. Экспанаты сялянскага побыту – усё можна прымерыць, зрабіць сэлфі. Самы дарагі музейны экспанат – матуліна сукенка і хустка з Амерыкі дачкі мясцовага пана Беліновіча.

Сядзіба “Тишь да гладь» у вёсцы Чырвоная Зорка - ўзор таго, як сталічны жыхар, апантаны ідэяй, можа стварыць унікальны гістарычна і эстэтычна вабны куток. Сярод адметнасцяў – карабель Калумба на шыкоўным вадаёме, два арыгінальныя замкі і вулічныя макеты нямецкага касцёла і замка ХІІ ст., зоны адпачынку з лазняй і кухняй па эксклюзіўных рэцэптах сядзібнага кухара…

Вялікай радзімы не бывае без малой! З ведання нараджаецца гонар! Зрабіць свае веды пра Бацькаўшчыну больш поўнымі – пытанне нашай актыўнасці і жадання.           

Просмотров: 480 | Добавил: tanzaickina | Теги: Центральная библиотека
Всего комментариев: 0
avatar