11:00
Заснавальнік беларускага жывапісу - Валенцій Ваньковіч (220 гадоў з дня нараджэння)


220 гадоў мінула з таго часу, калі 12 мая ў маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сям’і павятовага суддзі Мельхіёра Ваньковіча з’явіўся на свет будучы выдатны беларускі мастак Валенцій Вільгельм Ваньковіч. Бацька яго паходзіў са старадаўняга беларускага шляхецкага роду, карані якога бяруць пачатак ў ХІУ стагоддзі. Маці мастака – Схаластыка – таксама прадстаўніца старадыўняга роду Гарэцкіх.
Мястэчка Старая Калюжыца на Бярэзіншчыне, дзе знаходзілася некалі сядзіба Ваньковічаў існуе і зараз, аднак самога маёнтка ўжо даўно няма. Апошнія гаспадары выехалі адсюль у 20-я гады; дом і надворныя пабудовы разабралі сабе на хаты беднякі. З вялікага сядзібна-паркавага ансамбля амаль нічога не засталося. Пра былую заможнасць нагадваюць толькі “лядоўня”, якая перажыла ўсе “буры” ХХ стагоддзя; радавая ўсыпальніца, дзе пахавана не адно пакаленне Ваньковічаў; напалавіну разбураная хата, ў якой некалі жылі служкі; ліпы на месцы былых ліпавых алей, векавыя серабрыстыя таполі, прывезеныя гаспадаром сядзібы з Францыі, ды асколкі чорна-блакітнага каменю ад аранжэрэі.
Менавіта тут, на маляўнічых берагах невялічкіх рэчак Снуі, Ушы і Калюжыцы і прайшлі першыя гады жыцця будучага мастака. У 1805 годзе, калі бацька - Мельхіёр Ваньковіч атрымаў пасаду мінскага суддзі, сям’я абаснавалася ў сядзібах Вялікая і Малая Сляпянкі пад Мінскам.
Будучы мастак атрымаў разнастайную адукацыю, займаючыся з хатнім настаўнікам: ведаў латынь, французскую і грэчаскую мовы, цікавіўся гісторыяй і літаратурай. Вельмі рана праявіліся ў яго і мастацкія здольнасці. У 12-гадовым узросце Валенцій паступае ў гімназію пры Полацкім іезуіцкім калегіуме. Там будучы мастак знаёміцца з лепшымі ўзорамі жывапісу і прымае рашэнне цалкам аддацца прафесійнаму мастацтву. З гэтай мэтай ён паступае ў Віленскі універсітэт, які ў той час перажываў найбольшы росквіт. І настаўнікі, і студэнты былі ўраджаны незвычайным талентам Ваньковіча.
Ваньковіч малюе многа і самааддана, не растаючыся з алоўкам і альбомам нават на сяброўскіх вечарынках. Сучаснікі адзначалі, што яго работы вызначаліся неверагодным падабенствам да натуры і правільнасцю прапорцый. Мастак так выдатна валодаў тэхнікай светаценю, работы атрымліваліся такімі рэалістычнымі, што іх хацелася “пакратаць рукамі”.
Гады вучобы ў Вільні адзначыліся знаёмствам мастака са студэнтамі, якія з’яўляліся лідэрамі і ўдзельнікамі таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Ён раздзяляў іх погляды і інтарэсы. Сярод яго сяброў былі А.Міцкевіч, Ф.Малеўскі, Т.Зан, А.Адзінец і іншыя прадстаўнікі перадавой беларускай інтэлігенцыі.
Пасля паспяховага заканчэння Віленскага універсітэта, па рашэнню вучонага савета, яго накіроўваюць для ўдасканальвання прафесіі ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтва. Тут настаўнічаюць вядомыя майстры расійскага класіцызму Шабуеў і Ягораў. На першым жа экзамене Ваньковіч атрымлівае вышэйшы бал, праз чатыры месяцы ўдастойваецца малога, а праз восем – вялікага сярэбранага медаля. Неўзабаве малады беларускі мастак, дзякуючы свайму яскраваму таленту, становіцца вядомым у культурных колах расійскай сталіцы. Творчыя поспехі Ваньковіча таго часу шырока асвятляляюцца ў прэсе. Пасля заканчэння Акадэміі ён яшчэ некалькі гадоў жыве ў Пецярбургу і наведвае Акадэмію як вольны слухач. У жніўні 1825 г. Валенцій Ваньковіч ажаніўся на Анелі Растоцкай. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын Адам, а праз некаторы час Анеля пераязджае да мужа ў сталіцу. Гады, пражытыя ў Пецярбургу, былі насычаны цікавымі сустрэчамі, творчымі ўраджаннямі ды плёнай працай. Менавіта тады ён знаёміцца з В.Жукоўскім, П.Вяземскім, Дэльвігам, Валконскай і многімі іншымі прадстаўнікамі дэмакратычнай інтэлігенцыі таго часу. Адам Міцкевіч знаёміць яго з Аляксандрам Пушкіным, і Ваньковіч пачынае пісаць партрэт паэта. Карціна не была закончана, але і ў такім выглядзе вельмі падабалася сябрам мастака. Доўгія гады яна знаходзілася ў маентку ў Сляпянцы, але пасля паўстання 1863 г., у якім прымалі ўдзел усе тры сыны мастака, пад час вобыску яна знікла. Нягледзячы на вялікі поспех і прызнанне ў сталіцы, у 1829 г. Ваньковіч з сям’ёй вяртаецца на радзіму.
У той час на Беларусі не было роўных яму ў майстэрстве стварэння сюжэтаў на гістарычныя, рэлігійныя і містычныя тэмы. Але больш яскрава праявіўся талент Ваньковіча ў партрэтах. Нездарма яго называлі майстрам партрэта. Акрамя шматлікіх партрэтаў Адама Міцкевіча, які на працягу ўсяго жыцця быў лепшым сябрам мастака, Ваньковіч маляваў паэта А.Гарэцкага, мінскіх магнатаў князёў Друцкіх-Любецкіх, вядомую піяністку Марыю Шыманоўскую, і многіх іншых. Але сам мастак марыў аб стварэнні вялікіх палотнаў, прысвечаных гераічнай і пакутнай гісторыі свайго краю. У 20-30 г. майстэрня Ваньковіча становіцца цэнтрам, вакол якого збіраюцца ўсе лепшыя мастацкія сілы Мінска. Калі ўспыхнула паўстанне 1830-31 гг. мастак вырашыў прыняць у ім удзел. Але лёс не дае яму такой магчымасці: цяжкі прыступ сухоты надоўга прыкаваў мастака да ложку.
У апошнія гады жыцця мастак усё часцей прыгадвае сваю даўнюю юнацкую мару – паглядзець архітэктурныя тварэнні Еўропы і калекцыі заходне-еўрапейскага жывапісу. Яму надакучылі заказы царкоўных і свецкіх прыхільнікаў яго тварчасці, ён хоча ўбачыць ўсё лепшае і зрабіць як мага больш. У 1839 г. выязжае за мяжу. Берлін, Мюнхен, Дрэздэн, Страстбург, Пары.
Ваньковіч прыязжае ў сталіцу Францыі знясілены і хворы: напружаная работа ў лепшых еўрапейскіх музеях падтачыла здароўе мастака. Ён пасяляецца ў Адама Міцкевіча і пачынае самааддана працаваць. Менавіта тут былі створаны яго манументальныя палотны “Апафеоз Напалеона”, “Евангеліст Іаан”, “Святая Клара” і самая апошняя яго карціна - “Маці Божая Вострабрамская”. Памёр наш славуты зямляк 12 мая 1842 г. і пахаваны на могілках Сен-Дэні ў Парыжы.
Творчая спадчына Валенція Ваньковіча вялікая і разнастайная. Яго партрэты, тэматычныя кампазіцыі і малюнкі разышліся па многіх дзяржаўных і прыватных музеях розных краін свету. Вось толькі ў роднай мастаку Беларусі няма ніводнага арыгінала. На жаль, імя нашага суайчынніка з ліку імёнаў тых славутых сыноў Беларусі, што больш вядомыя за мяжой, чым на радзіме. Да нядаўняга часу і на Бярэзіншчыне наўрад ці хто дасведчана мог бы сказаць пра Валенція Ваньковіча, акрамя некалькіх краяведаў-аматараў. Аднак сітуацыя мяняецца ў лепшы бок. У 2000 годдзе, пад час святкавання 200-гадовага юбілею мастака, ў в. Старая Калюжыца на месцы, дзе калісьці стаяў маентак Ваньковічаў, быў адкрыты мемарыяльны памятны знак ў гонар мастака. У Ушанскай сельскай бібліятэцы прадстаўлены міні-вернісаж рэпрадукцый вядомага земляка “Валенцій Ваньковіч: запаветнае” і праводзіцца цыкл экскурсій “На паклон да земляка”.

Просмотров: 347 | Добавил: Natali08121966
Всего комментариев: 0
avatar