16:45
Зямляк - Герой Савецкага Саюза


У цэнтры вёскі Чыжаха стаіць бронзавы бюст Героя Савецкага Саюза Сцяпана Філімонавіча Аляшкевіча. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, Славы ІІІ ступені, шматлікімі медалямі. Адна з вуліц нашага горада носіць яго імя. Сёлета Сцяпану Аляшкевічу споўнілася б 110 гадоў.
Свой подзвіг ён здзейсніў у гады Вялікай Айчыннай вайны, навечна прапісаўшыся на зямлі Румыніі.
Нарадзіўся Сцяпан Аляшкевіч у вёсцы Перавоз Бярэзінскага раёна ў 1910 годзе ў сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю і працаваў у калгасе.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ён служыў разведчыкам 759-га стралковага палка 163-й стралковай дывізіі. Разведгрупа, у якую ўваходзіў Аляшкевіч, была ў палку на асобым ліку. Асаблівую мужнасць і сапраўдны гераізм праявілі разведчыкі з пачаткам наступальнай аперацыі.
Ішоў 1944 год. Калі полк, у якім служыў Сцяпан Аляшкевіч, падыйшоў да ракі Паўднёвы Буг, разведчыкам была пастаўлена задача з ходу пераправіцца на заходні бераг і замацавацца там, расшыраючы плацдарм для пераправы асноўным часцям палка.
Сцяпан Аляшкевіч пераправіўся першым і адразу ўступіў у бой. Хутка да яго далучыліся другія разведчыкі. Прыцягнуўшы да сябе ворага, чацвёрка смельчакоў аблегчыла пераправу асноўным сілам палка. Нашы часці цвёрда замацаваліся на заходнім беразе Буга і пачалі накопліваць сілы для далейшага наступлення. За гэты подзвіг Сцяпан Аляшкевіч быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза.
Так з баямі полк дайшоў да перадгор’яў Карпат, уступіў на тэрыторыю Румыніі. Полк заняў абарону на вышыні 936 метраў у раёне горада Баташане, а гітлераўцы – у навакольных сёлах. Супраць палка дзейнічалі добра падрыхтаваныя горна-стралковыя часці. Нашы салдаты раней у гарах не ваявалі, румынскай мовы не ведалі, а звесткі пра ворага трэба было здабываць любой цаной. І зноў гэта важная місія даручаецца групе Аляшкевіча.
Пасля трохдзённых вылазак уздоўж перадавой, разведчыкі знайшлі праход і ноччу перабраліся ў тыл ворага. Прайшлі кіламетраў пяць. Па дарозе зрабілі засаду і пачалі чакаць. Хутка паказаліся тры гітлераўцы. Ворага трэба было ўзяць жывым. Падпусціўшы фрыцаў бліжэй, разведчыкі крыкнулі ім здавацца. Завязалася перастрэлка, у выніку якой аднаго гітлераўца схапілі жывым. Гэта быў нямецкі маёр. Пры ім знайшлі карту з абазначэннямі размяшчэння пяхотных часцей і артылерыі. Маёр паведаміў, што назаўтра ў 12 гадзін павінны пачаць наступленне на гэтым участку буйныя стралковыя і танкавыя часці. Не марудзячы ні мінуты, разведчыкі даставілі “языка” у штаб. Усе ўдзельнікі гэтай аперацыі былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі.
4 мая 1944 года палкавыя разведчыкі атрымалі заданне ўзарваць мост паміж станцыяй Вама і горадам Гура-Хумаралій. Заданне было выканана. Але, вяртаючыся з задання, разведчыкі трапілі пад агонь ворага. У сутычцы з гітлераўцамі Сцяпан Аляшкевіч і тры яго таварышы загінулі.
“Пахавалі іх там жа, на станцыі Вама, - успамінаў пазней Мікалай Шамчык. – Памятаю аддаваў апошнюю пашану. Я жменяй кідаў у яму зямлю і нічога перад сабой з-за слёз не бачыў”.
13 верасня 1944 года быў апублікаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза Сцяпану Філімонавічу Аляшкевічу.

Просмотров: 328 | Добавил: Natali08121966
Всего комментариев: 0
avatar