16:09
Культурная субота ў кампаніі з пісьменнікамі

Цэлы месяц, на працягу лістапада, наведвальнікаў раённай бібліятэкі і цэнтра культуры радавала прадстаўленая ў фае ўстановы літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Літаратурнае сузор’е Бярэзіншчыны”. Аснову экспазіцыі складала партрэтная галерэя - мясцовы Парнас звыш двух дзесяткаў пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў з ліку карэнных бярэзінцаў і нараджэнцаў іншых месцаў, каму лёсіла жыць і працаваць на Бярэзіншчыне. Кожны выгушкваў свой колас на літаратурнай дзялянцы, уплятаў свае васількі ў косы бярэзінскага краю, свой асабісты творчы лісток – у літаратурны вянок. Іх імёны непаўторнымі пазламі ўваходзяць у адзіную карціну нацыянальнай літаратуры і не пабляклі з цягам часу ў летапісе раёна.

Ажывіць зарамленыя часам партрэты бярэзінскіх літаратараў праз адлегласць і памяць дазволіла арт-прэзентацыя “Партрэты загаварылі: малавядомае пра вядомых” у рамках акцыі “Культурная субота” 7 снежня. Навучэнцы Бярэзінскай гімназіі ацанілі значнасць задумы бібліятэкараў распавесці пра землякоў па-зямляцку, прадставіць іх не манументальна-узнеслымі на п’едэстал у “муляжнай рамцы”, калі постаць ёсць, а асобы няма і картонны сілуэт не можа зацікавіць, - а ў багацці цікавых звестак, побытавых і творчых клопатаў, што робіць землякоў больш блізкімі і зразумелымі.

Цікавасць юных прагматыкаў выклікала дасведчаная статыстыка “Ведай нашых!”. На бярэзінскім літаратурным Алімпе – 2 лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР, 2 ганаровыя грамадзяне (М. Хонінаў- г. Беразіно, А. Каўко – г. Іванава), 3 - кандыдаты філалагічных навук, 1 – прафесар, 1 – Заслужаны дзеяч культуры. У гонар 4-х названы вуліцы (імя Р. Нехая і М. Хонінава ў Беразіно, імя І. Маркевіча – у аг Уша, імя А. Каўко – у г. Іванава). Ёсць уладальнікі нацыянальнай прэміі “Залаты Купідон” і “Сярэбранае пяро”.

“Жывая галерэя” прадставіла гімназістам магчымасць не толькі пазнаёміцца з цікавымі фактамі біяграфій, а і ацаніць пісьменніцкае майстэрства землякоў. Тэатр аднаго акцёра Бярэзінскай ЦБ пад заклічам “Давайце пачытаем разам літаратурныя шэдэўрыкі землякоў!” ажывіў сюжэты апавяданняў М. Пазнякова “Цукеркі”, А. Саскавец “Палінчына лялька”, В. Самахвалава “Волахаўскія кладкі”, Я. Курто “Зоя”, падарыў некалькі мінут сапраўднага задавальнення, як потым прызналіся слухачы. Конкурс “Самы ўважлівы” вылучыў навучэнку гімназіі Хадасок Е. з уручэннем салодкага прыза і правам ганаровага фатаграфавання з залатым пяром – сімвалам прыгожага пісьменства.

Просмотров: 360 | Добавил: tanzaickina | Теги: Культурная суббота
Всего комментариев: 0
avatar