Арыгінальнае мерапрыемства прапанавалі да Дня настаўніка супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі ў рамках праекта “Святло знаёмай зоркі”. 1 кастрычніка дырэктарам школ раёна была адрасавана вечарына “Настаўнік гісторыі – настаўнік памяці”, прысвечаная 100-гадоваму юбіляру года Сяргею Сцяпанавічу Ігнатовічу. На аснове архіўных матэрыялаў удалося ўзнавіць факты біяграфіі земляка – настаўніка, выдатніка народнай адукацыі, удзельніка вайны, энтузіяста-краязнаўцы, актывіста ветэранскага педагагічнага руху. Лёсам яму было вызначана пражыць 83 гады, большасць з якіх аддадзена краязнаўча-следапыцкай дзейнасці і патрыятычнаму выхаванню моладзі. Вечарына ажывіла сюжэты няпростага жыцця настаўніка: прарванае вайной студэнцтва, ваеннае ліхалецце маладога афіцэра, тры гады фашысцкага канцлагера, пасляваенная рэалізацыя мары стаць дыпламаваным настаўнікам гісторыі. Ігнатовіч умеў быць не лішнім у лёсе раёна: ініцыяваў з’яўленне ў Беразіно вуліцы М. Мультана у гонар камандзіра 69-ага стралковага корпуса, які вызваляў горад у гады вайны, стварыў у 70-ыя гады на базе СШ №1 г. Беразіно самы буйны ў раёне школьны музей. Мерапрыемства дазволіла на прыкладзе аднаго лёсу паказаць выключную ролю Настаўніка з кагорты неабыякавых да грамадскага жыцця. |