10:13
Тры браты з маёнтка Уборкі

Маёнтак Уборкі... Мала хто нават з бярэзінцаў можа дакладна што-небудзь сказаць пра гэтае месца. Але менавіта яно дало жыццё тром мастакам,  творчасць якіх узбагаціла не толькі беларускую, а і міравую мастацкую культуру. Гэта браты Гараўскія, якія з’явіліся  на свет у збяднелай дваранскай сям’і ў маёнтку Уборкі Ігуменскага павета (цяпер у межах в. Астроўкі Бярэзінскага раёна). 2023 год - юбілейны для дваіх з братоў-мастакоў: 30 студзеня - 190 гадоў з дня нараджэння Апалінарыя Гілярыевіча Гараўскага, а 1 ліпеня  – 195 гадоў з дня нараджэння Іпаліта Гілярыевіча Гараўскага.

Найбольш вядома імя Апалінарыя Гараўскага. І, магчыма, таму, што лёс на працягу жыцця зводзіў яго з цікавымі людзьмі, якія не толькі аказвалі ўплыў на творчасць мастака, але і ўсяляк падтрымлівалі яго намаганні. Падчас вучобы ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе Апалінарыю пашанцавала пазнаёміцца з вядомым рускім архітэктарам Мікалаем Бенуа, які разгледзеў талент юнака і паспрыяў яго залічэнню ў Імператарскую акадэмію мастацтваў.  Ужо з першых гадоў навучання А.Гараўскі праявіў выдатныя здольнасці – напісаная ім падчас канікулаў на Міншчыне карціна “Балота” (1852 г.) зацікавіла акадэмічны савет, а царскі спадчыннік набыў пейзаж для сваёй калекцыі. За дыпломную  карціну “Від у Пскоўскай губерні” студэнт атрымаў вялікі залаты медаль і званне “класнага мастака”. У 1857 годдзе мастак стварае палатно “Старая на маленні”, якое было высока ацэнена І.Рэпіным і  прынесла А.Гараўскаму вядомасць.  

Праз некаторы час здольны студэнт атрымаў пенсію, на якую едзе ўдасканальваць сваё майстэрства за мяжу. Але  сустрэча са  славутымі замежнымі пейзажыстамі не прыносіць задавальнення і, не дабыўшы  да вызначанага тэрміну, Гараўскі вяртаецца на радзіму. З гэтага часу ён пасяляецца ў в. Брадзец і толькі ў зімовыя месяцы наведвае Пецярбург, дзе выкладае жывапіс у Вышэйшай мастацкай школе пры Акадэміі мастацтваў. Менавіта ў в. Брадзец, неўзабаве пасля вяртання, мастак стварыў адно з лепшых сваіх палотнаў “На радзіме”, якое зараз знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі. З любоўю перадае ён дарагія сэрцу мясціны, сярод якіх правёў свае жыццё, паказвае гледачам запусценне і беднасць беларускай вёскі.

Поспех, якога дасягнуў наш зямляк у пейзажным і партрэтным жывапісе, прынёс яму вядомасць на радзіме і за яе межамі. У 1861 г. Апалинарый Гараўскі прадставіў акадэмічнаму савету 2 карціны і 90 эцюдаў. За гэтыя творы яму было прысуджана званне акадэміка. Наогул, па меркаванні свядомых людзей, найбольш цікавымі з’яўляюцца пейзажы, напісаныя  А.Гараўскім на радзіме. У іх з пачуццём вялікай удзячнасці блізкім яго сэрцу краявідам адлюстраваны эпізоды з жыцця родных беларускіх мясцінаў, іх паэтычнасць і прыгажосць. Сярод такіх карцін можна адзначыць “Вечар у Мінскай губерні”, “Рака Бярэзіна”, “Рака Свіслач”, “Купальшчыцы”.

Знаёмства Апалінарыя Гараўскага з пачынаючым калекцыянерам Паўлам Траццяковым адбылося яшчэ да паездкі мастака за мяжу і з часам перарасло ў сяброўства і супрацоўніцтва. Апалінарый, а потым і яго браты, часта наведваліся да Траццяковых і падоўгу гасцявалі ў іх. Вядома, што  Павел Траццякоў дапамагаў мастакам прадаваць іх карціны, з’яўляўся беспрыстрасным крытыкам і аказваў значны ўплыў на творчасць. Гараўскія, ў сваю чаргу,  дапамагалі Траццякову збіраць  і фарміраваць мастацкую калекцыю.

Каштоўным было і знаёмства Гараўскага з Андрэем Трапезнікавым - спадкаемцам сібірскага купца Трапезнікава, прадстаўніка найбуйнейшых іркуцкіх прамыслоўцаў. Трапезнікаў стаў актыўна купляць творы майстра, што было значнай грашовай падтрымкай сям’і Апалінарыя Гараўскага. Майстар жа, як і пры Траццякове, зноў стаў дарадцам маладога купца-калекцыянера. У 1885-1886 гг. па запрашэнні Трапезнікава Гараўскі ажыццявіў паездку па Сібіры, наведаўшы і Іркуцк. 

Творчая спадчына мастака вялікая і разнастайная. На сёняшні час звыш 50 твораў майстра захоўваюцца ў Траццякоўскай галерэі, Рускім музеі, Пензенскім і Іркуцкім мастацкіх музеях, Стаўрапальскім краявым музеі, а таксама ў Казахскай карціннай галерэі. Але большая частка яго спадчыны належыць Беларусі, упрыгожваючы экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (18 карцін).

У апошнія гады жыцця Апалінарый Гараўскі маляваў больш партрэты, сярод іх былі і зробленыя на заказ, напрыклад, партрэт імператара Аляксандра ІІ. Ён маляваў жывапісца Бруні, кампазітараў Даргамыжскага, Глінку, мітрапаліта Галавіна, братоў Трапезнікавых  і іншых вядомых людзей таго часу. Работы майстра шмат разоў экспанаваліся на выставах Таварыства пры Акадэміі мастаўтваў і на Сусветнай выставе ў Парыжы. У 1883 годзе ў гонар 50-гадовага юбілею мастак быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 3-й ступені, які прысуджаўся галоўным чынам чыноўнікам за выслугу гадоў.

Апошнія гады жыцця Апалінарый Гараўскі правёў у сваім маёнтку Кірылавічы, які знаходзіўся ў 68 км ад Пскова, дзе мастак пабудаваў дом і майстэрню.

Безумоўную цікавасць прадстаўляе і творчасць старэйшага з братоў Гараўскіх – Іпаліта.

Пачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў ў настаўніка Мінскай гімназіі Машчынскага, потым доўгі час удасканальваў сваё майстэрства самастойна. Сям’я Гараўскіх была вялікая – тры дачкі і пяцёра сыноў, таму бацькі не мелі сродкаў адначасова вучыць двух сыноў. Іпаліт пачаў вучобу ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў значна пазней Апалінарыя. Поспехі Іпаліта Гараўскага ў вучобе адзначаны дзвума медалямі першай і другой вартасці, якія ён атрымаў за пейзажы з натуры, напісаныя ў Мінскай губерні. У 1864 г. яму было прысуджана званне “класнага мастака”. Пра лёс Іпаліта Гараўскага вядома  нямногае: у сярэдзіне 60-х гадоў ён з’яўляўся хатнім настаўнікам ў дзяцей генерала Дружыніна ў Мінску, потым некаторы час жыў у Пецярбургу. Многія  карціны, пра якія мастак расказвае ў пісьмах да Траццякова, не знойдзены. З яго пейзажаў найбольш вядомы “Від у ваколіцах Бабруйска”, “На берагах Бярэзіны”, “Каля крыжа. Смерць паўстанца”, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, і некаторыя іншыя. Гэтыя карціны гавораць аб незвычайным таленце ўраджэнца зямлі бярэзінскай Іпаліта Гараўскага.

Пра трэцяга, не менш таленавітага мастака з дынастыі Гараўскіх – Гілярыя, які маляваў, пераважна, акварэлі і заявіў аб сабе ў другой палове ХІХ ст., не захавалася дакладных звестак нават пра даты жыцця.

Лёс аказаўся неміласэрным да радавога гнязда таленавітай мастацкай дынастыі Гараўскіх. Даўно знікла з геаграфічнай карты назва калісьці вядомага ў шырокіх мастацкіх колах маёнтка Уборкі Хочацца спадзявацца, што ўдзячныя нашчадкі не застануцца бяспамятлівымі да імёнаў тых слынных ва ўсім свеце землякоў, якія ў сваёй творчасці стварылі помнік роднаму краю, малой бацькаўшчыне.

Просмотров: 208 | Добавил: berezinolib | Теги: Березинская центральная районная би
Всего комментариев: 0
avatar