18:09
Бярэзінскі чытай-дворык на Дні беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства ў г. Капылі 5 верасня аб’яднаў пісьменнікаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, прыхільнікаў кнігі і чытання. 8 лепшых бібліятэк Міншчыны прадставілі свае арыгінальныя пляцоўкі на літаратурна-гістарычным бульвары “Кніжны шлях”. Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка прэзентавала інтэрактыўную пляцоўку “Чытай-дворык”. Гэты бібліятэчны астравок быў бачны здалёк, там было чаму падзівіцца. Банэр з выявай будынку галоўнай кніжніцы раёна служыў рэкламнай візітоўкай установы. Book-зона “Бярэзіншчына літаратурная” з гонарам сведчыла: Музы Бярэзіншчыну не пакідаюць! Партрэтная галерэя “Літаратурнае сузор’е Бярэзіншчыны” стала ўзорным бярэзінскім пісьменніцкім Парнасам, які дапаўнялі экспазіцыя асабістых рэчаў пісьменнікаў-землякоў, прэзентацыя бібліятэчных рарытэтаў “Кнігі з аўтографам”, “Кнігі-старажылы”. Творчы аўтограф гасцям свята дарыў бярэзінскі літаратар, журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар сёлетняга выдання “Анёл Гаўрыла” Алесь Бычкоўскі, які не апускае планку творчасці і множыць свой кнігазбор. Паходны бібліятэчны монатэатр “Жывая кніга” прадставіў літаратурныя шэдэўрыкі з вандроўнага чамадана. Гэта мініяцюры паводле апавяданняў землякоў Алы Саскавец “Аазіс”, Галіны Пярун “Калі вам за 30”, Алеся Бычкоўскага “Апошняе прызнанне”, жыхаркі Капыля Людмілы Дрожжа “Абноўка для настаўніка Васільева”, пісьменніцы і настаўніцы з Гомельшчыны Валянціны Кадзетавай “Калі б не плёткі”. Кола твораў было абрана паводле ацэнкі бярэзінскіх кнігалюбаў у намінацыі “Чытацкія сімпатыі”.
Увагу наведвальнікаў чытай-дворыка прыцягвалі кніжныя інсталяцыі “Кніжны сэр”, “Часопісная ледзі”, якія сабралі шмат жадаючых сфатаграфавацца ў іх акружэнні. У ракурсе фотааб’ектыва яны стваралі шыкоўны фон для фотаздымкаў на памяць аб шыкоўным свяце. Прыхільнікі паэтычнага слова актыўнічалі ў імправізаванай тэст-гульні “Паэтычны кошык”, якая праходзіла пад заклічам “Верш экспромтам прачытай – цукерачку атрымай”.
Багата ілюстраваная напольная Кніга адметнасцяў бярэзінскага краю змяшчала наглядную рэкламу, якую гаспадыня чытай-дворыка дапаўняла вусна: сімволіка герба Беразіно, ганаровыя землякі, Беразіно – сталіца драўлянай лыжкі, абрады і фэсты зямлі бярэзінскай, помнікі архітэктуры. Наведвальнікі інтэрактыўнай пляцоўкі ў абедзве рукі апладыравалі спеўнаму таленту М. Міхайлоўскага, які пад гітару прадставіў песні-гімны гораду Беразіно і рацэ Бярэзіне, а таксама лірычныя песні на вершы беларускіх і мясцовых паэтаў.
Сярод ганаровых наведвальнікаў чытай-дворыка – генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Кніжнікава А. Ю., пісьменнікі Т. Бунта,
В. Паліканіна, М. Чаргінец, А. Разумоўская, У. Харошка, кампазітары Э.Ханок і В.Мяцельскі, кінасцэнарыст і артыст з Санкт-Пецярбурга Ю. Разановіч. Рэспубліканскае свята спрыяла пашырэнню творчых кантактаў бярэзінскіх бібліятэкараў з адметнымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі.

Просмотров: 199 | Добавил: Natali08121966
Всего комментариев: 0
avatar