09:17
Дзень беларускай пісьменнасці адбыўся ў Капылі

Свята Дня беларускай пісьменнасці, якое адзначалася ў Капылі, нікога не пакінула расчараваным. Спевы фальклорных калектываў і аўтарская песня, мастацкія вернісажы і прадукцыя народных майстроў, выступленні літаратараў і імправізаваныя аўтограф-сесіі, сустрэчы сяброў, пах смажанага шашлыка і гандлёвыя рады, якіх не ахапіць вокам – усё гэта і многае іншае зацягвала ў вір станоўчых пачуццяў і надавала асаблівы творчы імпэт.
Адкрыццё свята
На ўрачыстым адкрыцці на галоўнай сцэне намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка зачытаў віншаванне жыхарам і гасцям свята ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Потым да прысутных звярнуўся старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын:
— Міншчына не ўпершыню прымае такое значнае мерапрыемства. І выбар Капыля ў якасьці святочнай сталіцы зусім невыпадковы: больш пяцідзесяці вядомых пісьменнікаў і паэтаў звязаны з Капыльшчынай. У іх гонар сёння адкрыта інтэрактыўная алея. Мы паспрабавалі ўсе разам упрыгожыць гэты горад і спадзяёмся, што ў большасці сваёй гэта ў нас атрымалася.


Прысутнічалі знакамітыя літаратары, чые творы вядомыя беларусам са школы: Мікалай Чаргінец, Алесь Бадак, Віктар Шніп і іншыя прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў. Адбылося адкрыццё памятнага знака, алеі пісьменнікаў Капыльшчыны. На сцэне выступаў жывая легенда Анатоль Ярмоленка і ншыя зоркі эстрады. Таксама павіншаваў са святам па арбітальнай відэа-сувязі і беларускі касманаўт Алег Навіцкі.
Алея з QR-кодам
У рамках святочных мерапрыемстваў у цэнтральным парку горада адкрылася “Алея пісьменнікаў Капыльшчыны”, з 17 гранітных літар. Абапал кожнага помніка маюцца лавы. Адметная асаблівасць: на кожнай літары прысутнічае QR-код, спасылка з якога адпраўляе цікаўных наведвальнікаў парку да старонкі ў інтэрнэце, прысвечанай біяграфіі літаратара, у гонар якога стаіць помнік. Наватарскі праект выкананы Саюзам мастакоў Беларусі. І цяпер кожны жадаючы можа не пакідаючы парку даведацца пра жыццё Алеся Адамовіча, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, Яна Скрыгана і іншых, хто нарадзіўся і вырас на Капыльшчыне.
Што прывезлі з сабою бярэзінцы

 


Ад Бярэзінскага раёна ўдзельнікам свята стаў пісьменнік-фантаст Алесь Бычкоўскі.
На пляцоўцы абласнога фестывалю гульні і гумару “Капыльскія пацехі” быў прадстаўлены майстар Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Яўгеній Осіпаў, як удзельнік тэматычнай выставы твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гумарыстычнага характару. Дарэчы, народны майстра быў адзначаны дыпломам за актыўны ўдзел у фестывалі.
У горадзе майстроў дэманстравалі вырабы і ўласны талент майстры Ніна Насульская, Кацярына Карканіца, Дзіяна Фёдарава.
Не пуставаў бібліятэчны бульвар Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі. Шмат гасцей падыходзіла, знаёмілася са славутымі землякамі Бярэзіншчыны, удзельнічалі ў гульні “Літаратурныя шэдэўрыкі з вандроўнага чамадана”, пакідалі аўтографы і водгукі ў кнізе для гасцей.
Чым запомнілася свята?
Наталля Маеўская:
— На падобных мерапрыемствах самае важнае: паказаць творчыя напрацоўкі, прадэманстраваць нашыя ўласныя здабыткі і таленты, духоўныя каштоўнасці нашай зямлі, нашых пісьменнікаў, празаікаў і паэтаў, інфармацыю пра якіх работнікі бібліятэкі збіралі літаральна па крупінках з розных крыніц, часам самых неверагодных. Знайшлі творчую разынку ў нашым прадстаўленні, паказалі ўсё найбольш прыгожа і крэатыўна. Лічу, што ў нас тое выдатна атрымалася, калектыў справіўся са сваёй задачай. Таксама цікава было з прадстаўленым матэрыялам нашых калег з іншых раёнаў. У сукупнасці ўсё гэта надае цалкам здавальняючы настрой.
Мікалай Міхайлоўскі:
— Задаволены ўрачыстымі падзеямі. Аднойчы давялося пабываць на свяце горада ў Гановеры. Панавала пачуцце, што сабраліся на свята людзі з усёй краіны. І вось успомнілася цяпер, бо сёння і ў Капылі тое самае. Прыемна ўбачыць прадстаўнікоў амаль з кожнага раёна. Асабліва парадавалі калегі з Чэрвеня “Ігуменскія музыкі”, таксама клуб “Жывіца”, ансамбль “Капыляне” пад кіраўніцтвам Льва Канапляніка. Вельмі шчаслівы сёння пабачыцца з даўнімі сябрамі, падзяліцца досведам, праспяваць песні.

 

 


Валянціна Яроцкая:
— У першую чаргу парадавала магчымасць пазнаёміцца з пісьменнікамі і з навінкамі беларускай літаратуры, асабліва беларускамоўнай. Яшчэ асабіста ўразіў бібліятэчны бульвар, добра арганізаваныя стэнды. Што і казаць, вельмі пашчасціла пабыць на свяце.

 

 


Тамара Круталевіч:
— Свята падарыла нам духоўную еднасць у бібліятэчнай, пісьменніцкай, выдавецкай дзейнасці. Надало адчуванне таго, што мы агульна робім адну вялікую духоўную справу. Выданне кнігі, яе шлях да чытача – мы працуем поруч. Цудоўныя тэматычныя пляцоўкі – магчымасць паказаць нашыя навацыі, мясцовых пісьменнікаў, гонар Бярэзінскага краю. Навогул, тут прысутнічае адчуванне таго, што пісьменніцтва гэта не прафесія, а лёс. Кніга і ў электронным і папяровым фармаце даходзіць сёння да чытачоў і праз бібліятэкі. Прыемна, што наша справа запатрабаваная.
Палёты на верталёце
Прыемным адкрыццём для гасцей свята стала магчымасць падняцца ў паветра і паглядзець на Капыль з вышыні палёту птушак. І нікога не пужаў гул вінтоў і моцны вецер ад лопасцей, які ледзь не збіваў з ног, калі запускаўся рэжым узлёту. Прыгажун “Мі-2” падымаўся і падымаўся ўверх кожныя шэсць хвілін, браў на борт па 4-6 пасажыраў, і радасць палёту мелі магчымасць спазнаць і старыя, і маладыя. Паветраны карабель працаваў цэлы дзень, а чарга жадаючых ніяк не змяншалася пакуль не пачало цямнець.
Як заўважыў старшыня Капыльскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Аляксандр Касінскі:
— Падобнае свята – значная падзея для Капыльшчыны, бо выпадае раз у жыцці. Увесь горад узрушаны, напоўнены станоўчымі эмоцыямі, гэта натхняе і радуе.

 

Просмотров: 215 | Добавил: Natali08121966
Всего комментариев: 0
avatar